На 2 ліпеня ў расейскім судзе прызначаныя папярэднія слуханьні ў справе Паўла Грыба, якога летась невядомыя выкралі з Гомля, пасьля чаго ён апынуўся ў расейскім СІЗА.
Украінца Паўла Грыба, які летась у канцы жніўня зьнік у Беларусі, а пазьней быў затрыманы расейскімі праваахоўнікамі, абвінавачваюць у «схіленьні грамадзянкі Расеі да правядзеньня тэрарыстычнага акту».
«Сьледзтва завяршылася, і справа перададзеная на разгляд у Паўночна-Каўкаскі вайсковы акруговы суд. Прызначана падрыхтоўчае слуханьне справы на 2 ліпеня. І прыкладна праз два-тры тыдні справу пачнуць слухаць па сутнасьці», — сказала на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве расейская адвакатка Марына Дубровіна, якая прадстаўляе ў судзе інтарэсы Паўла Грыба.
Паводле яе, у справе адсутнічаюць матэрыялы аб тым, што ўкраінец быў выкрадзены ў Беларусі.
«Афіцыйная вэрсія — ён самастойна перайшоў мяжу і трапіў у Смаленскую вобласьць, горад Ярцава, а там ён быў ужо затрыманы», — кажа адвакат.
Грыбу блякуюць доступ да мэдычнай дапамогі, — бацька
Марына Дубровіна адзначыла, што Паўло Грыб ня мае доступу да мэдычнай дапамогі, нягледзячы на цяжкае захворваньне — летась ён мог набываць некаторыя лекі за грошы, пералічаныя яму на рахунак украінскімі дыпляматамі, але пачынаючы з 2018 году ніякіх мэдыкамэнтаў не прымае. «Стан ягонага здароўя пагаршаецца», — дадала яна.
Паводле адваката, прызнальныя паказаньні Паўло Грыб даў падчас этапаваньня са Смаленскай вобласьці ў Краснадарскі край. Раней украінца ўтрымлівалі ў сьледчым ізалятары ўпраўленьня ФСБ па Краснадарскім краі, а цяпер яго перавезьлі ў ізалятар сьледчага ўпраўленьня ФСБ Растоўскай вобласьці.
У той жа час бацька Паўла — Ігар Грыб падчас брыфінгу для замежных дыпляматаў у Кіеве адзначыў, што Расея зрабіла ўсё, каб блякаваць мэдычную дапамогу ягонаму сыну і прымусіць прызнацца ў тым, чаго ён не рабіў.
«Ён скардзіцца на кепскае самаадчуваньне, пэрыядычныя моцныя болі ў жываце, рэзкае пагаршэньне зроку. Толькі хуткае правядзеньне апэрацыі можа выратаваць жыцьцё майму сыну», — заявіў ён.
У Расеі 70 украінскіх палітвязьняў
Украіна ўключыла імя Паўла Грыба ў пералік украінскіх зьняволеных, якія знаходзяцца ў турмах на тэрыторыі Расеі і якіх Кіеў хацеў бы атрымаць у абмен на расейцаў, арыштаваных на тэрыторыі Ўкраіны. На мінулым тыдні ўпаўнаважаныя Расеі і Ўкраіны дамовіліся аб узаемным наведваньні зьняволеных, але дагэтуль ніводнай такой сустрэчы не адбылося.
Сёньня ўкраінскі бок накіраваў Расеі ноту пратэсту з патрабаваньнем дапусьціць упаўнаважанага па правах чалавека Людмілу Дзянісаву да ўкраінцаў, зьняволеных у Расеі. Найперш гаворка ідзе пра ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова і ўкраінскага актывіста Ўладзімера Балуха, якія ўжо доўгі час трымаюць галадоўку.