Дэпартамэнт фінансавых дасьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю паведаміў, што супрацоўнікі Мазырскага міжрайаддзелу спынілі незаконную дзейнасьць сацыяльнай фінансавай сеткі «Элеўрус».
Сьледчыя паведамляюць, што відэаблогер з Калінкавічаў (прозьвішча ня згадваецца, але вядома, што гэта затрыманы нядаўна Віталь Манько) разам зь некалькімі грамадзянамі Беларусі і Расеі арганізаваў у 2015 годзе на тэрыторыі рэспублікі дзейнасьць незарэгістраванай сацыяльнай фінансавай сеткі. Працавала яна паводле схемы піраміды. Грамадзянаў пераконвалі ўкладваць грошы (у тым ліку электронныя), абяцалі гарантаваны высокі даход — да 365 адсоткаў гадавых. Памер патэнцыйнага даходу ўзрастаў, калі чалавек прыцягваў у піраміду знаёмых, якія таксама ўкладвалі сродкі.
«Элеўрус» рэклямавалі ў сацыяльных сетках і на відэахостынгу ў YouTube. Кіраўнік фінансавай сеткі сустракаўся з удзельнікамі піраміды, прэзэнтаваў яе магчымасьці ў Менску, Маладэчне, Берасьці, Пінску, Баранавічах, Мазыры, Калінкавічах ды іншых гарадах.
Грошы ўкладчыкаў пераводзіліся на рахункі, якія былі адкрыты ў беларускіх банках на мэнэджараў «Элеўруса», так званых захавальнікаў. Апошнія пераразьмяркоўвалі сродкі паводле вызначаных правілаў удзелу.
У выніку арганізатар і актыўныя чальцы фінансавай сеткі атрымалі даход, які перавышае 400 тысяч рублёў.
Заведзеная крымінальная справа паводле часткі 3 артыкулу 233 КК — незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць, якая ажыцьцяўлялася арганізаванай групай. Арганізатару фінансавай піраміды выставілі абвінавачваньне.
Жонка Віталя Манько Валянціна паведаміла Свабодзе, што муж па-ранейшаму ўтрымліваецца ў Гомельскі СІЗА № 3. Яму чарговы раз падоўжылі ўтрыманьне пад вартаю. «Выстаўленае абвінавачваньне — гэта фабрыкацыя», — кажа Валянціна Манько.
Блогера і прадпрымальніка Віталя Манько затрымалі ў Калінкавічах 4 чэрвеня проста на вуліцы. Міліцыя правяла ў ягоным доме ператрус, забрала на праверку кампутар, мабільны тэлефон, фінансавыя дакумэнты.
Віталь і Валянціна гадуюць шасьцёра непаўналетніх дзяцей. Меншаму сыну споўнілася 2 месяцы. Апроч прадпрымальніцтва, Манько займаўся яшчэ й блогерствам. На Гомельшчыне ён стаў вядомы вострымі відэа на YouTube пра дзейнасьць мясцовых уладаў, міліцыі і ДАІ.