12 чэрвеня дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Алену Анісім прыняў Уладзімер Жаўняк, намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, які займаецца пытаньнямі ідэалёгіі.
Прадметам сустрэчы стала распрацоўка праграмы пашырэньня выкарыстаньня беларускай мовы ў інфармацыйнай, адукацыйнай сфэрах і ў заканадаўстве. Гэтую ідэю Алена Анісім упершыню агучыла падчас сёлетняга пасланьня Аляксандра Лукашэнкі ў Нацыянальным сходзе. А сёньня яна перадала ў Адміністрацыю канкрэтныя прапановы.
Пасьля размовы спадарыня Анісім сказала Свабодзе, што ў яе засталіся дваістыя ўражаньні.
«З аднаго боку, ёсьць разуменьне ненармальнасьці сытуацыі. З другога боку, няма дакладнага ўяўленьня, што і як рабіць. Пакуль мы не прыйшлі да пагадненьня аб тым, распрацоўваць ці не такую праграму на дзяржаўным узроўні і хто будзе гэтым займацца. Тым ня менш спадзяюся, што некаторыя мае аргумэнты былі ўсё ж пачутыя і будуць пэўным чынам скарыстаныя», — сказала яна.
15 прапаноў Алены Анісім
- Новым школам надаваць адпачатку статус беларускамоўных з забесьпячэньнем высокапрафэсійнымі пэдагогамі і адпаведнай матэрыяльна-тэхнічнай базай.
- У дзіцячых садках па заявах бацькоў на працягу аднаго году адкрываць групы зь беларускай мовай навучаньня, у тым ліку і рознаўзроставыя.
- Выхаваўчыя і культурныя мерапрыемствы ў сыстэме адукацыі ня менш як на 50% праводзіць на беларускай мове, у тым ліку праз арганізацыю віктарын, літаратурных конкурсаў, ранішнікаў, сьвят, тэматычных вечарын.
- Павялічыць колькасьць выданьняў і перавыданьняў твораў сучаснай беларускай літаратуры (у тым ліку і ў электронным выглядзе), якія ўваходзяць у школьную праграму (сэрыі «Школьная бібліятэка» і «Бібліятэка школьніка»).
- Арганізоўваць рэгулярныя сустрэчы зь беларускімі пісьменьнікамі ва ўстановах адукацыі.
- Рэгулярна арганізоўваць экскурсіі для школьнікаў у краязнаўчыя музэі, музэі Якуба Коласа, Янкі Купалы, іншыя літаратурныя музэі, на спэктаклі ў тэатры, якія працуюць на беларускай мове.
- Курс «Беларусазнаўства» выкладаць у сыстэме навучаньня ССНУ і ВНУ.
- Увесьці іспыт на веданьне дзяржаўнай беларускай мовы для выпускнікоў ССНУ і ВНУ.
- Стварыць інфармацыйны партал (умоўная назва — pismiennasc.by) па праверцы артаграфіі і пошуку значэньняў слоў. Можна выкарыстаць досьвед slounik.org.
- Усе шыльды з назвамі вуліц у населеных пунктах афармляць на беларускай мове (па жаданьні і на расейскай).
- На ўсіх дзяржаўных тэлеканалах Беларусі штодня рабіць выпускі навін на дзяржаўнай беларускай мове — ня менш за 50% ад усіх выпускаў.
- Тэлеканал «Беларусь-3» перавесьці цалкам на беларускую мову, пры неабходнасьці суправаджаючы дэманстрацыю кіно і іншыя перадачы субтытрамі.
- Мясцовы кантэнт на 50% павінен быць зроблены на беларускай мове, незалежна ад жанру перадачы (інфармацыйная, забаўляльная, рэклямная, камэрцыйная, сацыяльная) і ад формы ўласнасьці тэлеканалу (дзяржаўны ці прыватны).
- Падрыхтаваць указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь аб Правілах дарожнага руху на беларускай мове.
- Усе заканадаўчыя акты на ўсіх узроўнях улады прымаць адразу на абедзьвюх дзяржаўных мовах.
Што далей зьбіраецца рабіць Анісім?
«Як старшыня ТБМ і як член сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы я буду гэтую справу рухаць далей. Лічу яе важнай, у тым ліку і для забесьпячэньня ўстойлівага разьвіцьця, лінгвістычных правоў і нацыянальнай бясьпекі краіны. Сытуацыя, калі дзяржаўная мова знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня, моцна б’е па прэстыжы Беларусі», — кажа дэпутатка.
Яна лічыць, што магчыма, трэба будзе сабраць круглы стол з удзелам грамадзкіх арганізацый і прадстаўнікоў дзяржаўных структур і на ім абмеркаваць далейшыя крокі па рэалізацыі як асобных пунктаў, так і ўсёй праграмы.