Паралімпіец Ігар Бокі ўсталяваў пяць сусьветных рэкордаў на спаборніцтвах па плаваньні IDM Berlin 2018, на якім за ўзнагароды змагаліся 550 спартоўцаў з больш чым 50 краін, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Беларускай фэдэрацыі плаваньня.
На старце турніру Ігар Бокі ўсталяваў сусьветны рэкорд на двух дыстанцыях у катэгорыі S13. У вырашальным заплыве на дыстанцыі 200 м на сьпіне ён паказаў вынік 2 хвіліны 09,8 сэкундаў, а на дыстанцыі 200 м вольным стылем — 1 хвіліна 52,40 сэкундаў.
Беларус палепшыў сусьветнае дасягненьне сярод паралімпійцаў у папярэднім заплыве на дыстанцыі 50 м на сьпіне — 26,36 сэкундаў, а ў фінале перасягнуў і яго — 26,21 сэкундаў.
На дыстанцыі 200 м батэрфляем беларускі плывец заваяваў залатую ўзнагароду і фінішаваў з вынікам 2 хвіліны 04,06 сэкундаў, палепшыўшы дасягненьне 28-гадовай даўніны, якое належала канадцу Майклу Эджсану.
Ігар Бокі, які выступае сярод спартоўцаў з парушэньнямі зроку, зьяўляецца 11-разовым паралімпійскім чэмпіёнам, шматразовым чэмпіёнам сьвету і Эўропы.
На апошніх Паралімпійскіх гульнях 2016 году ў Рыё-дэ-Жанэйра стаў безумоўным трыюмфатарам спаборніцтваў: ён заваяваў 6 залатых мэдалёў і 1 бронзавы. Спартовец пабіў свой жа рэкорд чатырохгадовай даўнасьці — у Лёндане ў 2012-м ён пяць разоў уздымаўся на верхнюю прыступку п’едэсталу і аднойчы быў другім.
22-гадовага бабруйчаніна ў паралімпійскі спорт прывяла дзіцячы трэнэр Натальля Пазьнякова. Дагэтуль ён плаваў з усімі нароўні, а калі ў 15 гадоў выканаў нормы майстра спорту, паклікалі ў Рэспубліканскую вучэльню алімпійскага рэзэрву. Але прайсьці дыспансэрнае абсьледаваньне не ўдалося — ніхто ня мог прадбачыць, якія наступствы для і так ня самага лепшага зроку выкліча павелічэньне нагрузак у прафэсійным спорце. Тады Натальля Юр’еўна пераканала бацькоў зьвярнуцца да лекара, зьвязанага са спортам для інвалідаў. Так плывец трапіў у паралімпійскую каманду, а неўзабаве стала зразумела: Бабруйск даў сьвету свайго Майкла Фэлпса. Далейшую Ігара ў Менску рыхтаваў трэнэр Генадзь Вішнякоў.