Украінскі кінарэжысэр Алег Сянцоў, асуджаны ў Расеі да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму, галадае ўжо 28-ы дзень.
Сястра Алега Сянцова Натальля Каплан абвергла, што зьвярталася да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з просьбай вызваліць Сянцова перад чэмпіянатам сьвету па футболе.
«Адказна заяўляю, да Пуціна не зьвярталася, адкуль ногі растуць (у гэтых паведамленьняў — РС), ня ведаю. Магчыма, банальна не зразумелі», — напісала Каплан 11 чэрвеня ў Facebook.
Раней брытанскае выданьне Guardian напісала, а частка ўкраінскіх выданьняў пераказалі пра такі зварот.
У лісьце, які Алег Сянцоў нядаўна напісаў праваабаронцам Мікалаю і Тацяне Шчурам, ён паведаміў, што лекары добра клапоцяцца пра яго, праводзяць абсьледаваньні, ставяць кропельніцы. «Для чацьвёртага тыдня палёту самаадчуваньне пілёта нармальнае», — піша Сянцоў.
Раней адвакат Сянцова пацьвердзіў, што ён пагадзіўся на падтрымную тэрапію.
Уладзімір Пуцін і Пятро Парашэнка 9 чэрвеня дамовіліся па тэлефоне, што амбудсмэны наведаюць зьняволеных у абедзьвюх краінах. На прэс-канфэрэнцыі ў Кітаі Пуцін сказаў, што казаць пра абмен вязьнямі паміж Расеяй і Ўкраінай «пакуль заўчасна».
11 чэрвеня ў Бэрліне пройдзе сустрэча кіраўнікоў МЗС «нармандзкай чацьвёркі», на якой будзе абмяркоўвацца сытуацыя на Данбасе, а таксама будзе ўзьнятае пытаньне пра лёс Сянцова.
Кінарэжысэр Алег Сянцоў разам з грамадзкім актывістам Аляксандрам Кольчанкам і яшчэ двума людзьмі былі затрыманыя расейскімі спэцслужбамі ў Крыме ў траўні 2014 году па абвінавачваньні ў арганізацыі тэрактаў на акупаваным паўвостраве.
У жніўні 2015 году Паўночна-Каўказскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне асудзіў Алега Сянцова да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму па абвінавачаньні ў тэрарыстычнай дзейнасьці на тэрыторыі Крыму. Сянцоў сваёй віны не прызнаў.
Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» у Расеі ўнёс Сянцова ў сьпіс палітвязьняў. Урады шмат якіх краін і праваабарончыя арганізацыі лічаць абвінавачваньні ў адрас Сянцова палітычна матываванымі, а саму справу сфабрыкаванай у адказ на рэзкае непрыманьне ўкраінскім рэжысэрам анэксіі Крыму Расеяй.
14 траўня Алег Сянцоў абвясьціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваньнем вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў, якіх утрымліваюць у турмах Расеі і Крыму.