Украінскі рэжысэр Алег Сянцоў, асуджаны ў Расеі паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме, ужо 19 дзён працягвае бестэрміновую галадоўку з патрабаваньнем вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў з расейскіх турмаў.
1 і 2 чэрвеня па ўсім сьвеце праходзяць акцыі ў падтрымку Сянцова. Яны заплянаваныя ў краінах Заходняй Эўропы, Украіне, Расеі, Ізраілі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі. Маскоўскія ўлады не ўзгаднілі акцыю ў цэнтры гораду. Яе арганізатары заявілі, што правядуць у расейскай сталіцы адзінкавыя пікеты.
На старонцы руху #SaveOlegSentsov ў Твітэры адзначаецца, што акцыі праводзяцца напярэдадні чэмпіянату сьвету па футболе ў Расеі. У розных гарадах па ўсім сьвеце актывісты «выставяць чырвоную картку рэжыму Пуціна», які незаконна ўтрымлівае людзей за кратамі, падкрэсьліваюць арганізатары акцыі.
Напярэдадні абвясьціў галадоўку ўкраінскі актывіст Аляксандар Кольчанка. Ён патрабуе вызваліць Сянцова. Выпусьціць рэжысёра на волю таксама заклікаў Аляксей Навальны. Апазыцыянэр заявіў, што калі Сянцоў памрэ ў калёніі, то стане героем. Навальны прапанаваў Крамлю замест гэтага «перайграць» рэжысэра, і абмяняць яго і іншых украінскіх зьняволеных паводле прынцыпу «ўсіх на ўсіх».
Тэлевядучая Ксенія Сабчак ў чацьвер заявіла, што мела кантакт зь Сянцовым па відэасувязі і ўгаворвала яго спыніць галадоўку. Сянцоў расказаў, што ў яго крышацца зубы, але спыняць галадоўку адмовіўся.
29 мая адвакат Сянцова Дзьмітры Дынзэ паведаміў, што яго стан стабільны, ён атрымлівае падтрымальную тэрапію. У чым менавіта палягае гэтая тэрапія, афіцыйныя прадстаўнікі Расеі да гэтага часу не патлумачылі.