Украінскі рэжысэр Алег Сянцоў, незаконна асуджаны ў Расеі на 20 гадоў калёніі строгага рэжыму праз абвінавачаньне ў тэрарызьме, абвясьціў бестэрміновую галадоўку.
Ён патрабуе вызваленьня ўсіх украінскіх палітвязьняў у Расеі. Пра гэта «Медиазоне» расказаў адвакат Дзьмітрый Дынзэ, які наведаў Сянцова ў калёніі ў горадзе Лабытнанга ў Ямала-Неняцкай аўтаномнай акрузе.
У запісцы, якую Сянцоў перадаў праз адваката, ён паведамляе, што аб’яўляе бестэрміновую галадоўку з 14 траўня з адзінай умовай яе спыненьня — «вызваленьне ўсіх украінскіх палітзьняволеных, якія знаходзяцца на тэрыторыі РФ». У канцы тэксту Сянцоў прыпісаў па-ўкраінску: «Разам і да канца. Слава Ўкраіне!».
Раней Сянцоў напісаў заяву пра галадоўку на імя начальніка калёніі. Імёны 64 украінцаў, якіх ён патрабуе вызваліць, ён не назваў. Паводле адваката, уласнага вызваленьня Сянцоў не патрабуе.
Расейскія спэцслужбы затрымалі Алега Сянцова і актывіста Аляксандра Кольчанку ў Крыме ў траўні 2014 года. Іх абвінавацілі ў арганізацыі тэрактаў на паўвостраве. У жніўні 2015 году суд у Растове-на-Доне прысудзіў Сянцову 20 гадоў калёніі строгага рэжыму. Кольчанка атрымаў 10 гадоў калёніі. Абвінавачаныя сваю віну не прызналі.