Ва ўкраінскага бізнэсоўца Вячаслава Піваварніка, які, паводле сьцьвярджэньня падазраванага ў падрыхтоўцы замаху на журналіста Аркадзя Бабчанкі, «замовіў забойства» — ёсьць сувязі з былым дэпутатам Дзяржаўнай думы Расеі Сяргеем Шышкаровым, а таксама экспэртам расейскага Фонду нацыянальнай і міжнароднай бясьпекі. Пра гэта паведамляе рэсурс The Bell са спасылкай на дадзеныя СПАРК-Інтэрфакс.
Як расказаў Барыс Герман на пасяджэньні суду, Піваварнік — грамадзянін Украіны, супрацоўнік нейкага «прыватнага фонду Пуціна», зьвязаны з расейскімі спэцслужбамі, як сьцьвярджаецца, адказны за падрыхтоўку тэрактаў ва Украіне. Ён нібыта даў Герману сьпіс з 30 чалавек, на якіх павінны быць зладжаныя замахі. Паводле Германа, ён перадаў гэты сьпіс у контравыведку.
The Bell выявіў у базе дадзеных СПАРК-Інтэрфакс адзінага Вячаслава Піваварніка, які, згодна з інфармацыяй, кіраваў або валодаў долямі ў пяці ўкраінскіх юрыдычных асобах.
Паводле зьвестак The Bell, у Піваварніка ёсьць агульны бізнэс з экспэртам Фонду нацыянальнай і міжнароднай бясьпекі. Гэты фонд узначальваў былы савецкі генэрал Леанід Шаршнёў, які памёр у 2014 годзе. Шаршнёў быў заснавальнікам нацыяналістычнага фонду «Русские» і «Цэнтру дапамогі суайчыньнікам з Наваросіі і Ўкраіны».
Ад 2012 да 2016 году Піваварнік, як адзначае выданьне, быў генэральным дырэктарам «Рускон-Украина». Уладальнік «Рускона» — былы дэпутат Дзярждумы Сяргей Шышкароў, якога РБК раней называў паплечнікам Дзьмітрыя Рагозіна.
The Bell таксама атрымалася выявіць сувязь паміж Піваварнікам і Барысам Германам. Герман быў дырэктарам замежнай кампаніі, якая валодала «Рускон-Украина». Выданьне таксама адзначае, што Барыс Герман лічыцца ў сябрах у Піваварніка ў сацсетцы «Одноклассники».
Дакладна ня ясна, ці казаў Герман на судзе менавіта пра гэтага чалавека, або пра некага іншага з тым самым імем і прозьвішчам.
Паводле дадзеных Украінскай службы Радыё Свабода, Барыс Герман — прадпрымальнік з Кіева. Ён валодае шэрагам фірмаў, адна зь якіх спэцыялізуецца на вытворчасьці зброі і боепрыпасаў.
У чацьвер Шаўчэнкаўскі суд Кіева арыштаваў Германа на два месяцы. Яму інкрымінуюць падрыхтоўку тэрарыстычнага акту. Сам падсудны з абвінавачаньнямі ня згодны. На пасяджэньні суду Герман заявіў, што супрацоўнічае з унутранай выведкай у справе выяўленьня дзеяньняў Расеі, накіраваных на зьвяржэньне ўлады на Украіне.
29 мая Служба бясьпекі Украіны паведаміла, што журналіст Аркадзь Бабчанка быў забіты на парозе сваёй кватэры ў Кіеве. На другі дзень стала вядома, што журналіст жывы. Ён зьявіўся на брыфінгу СБУ. Забойства Бабчанкі было інсцэніравана ў рамках спэцаперацыі.
Украінскія спэцслужбы заяўляюць, што замах на Бабчанку «замовілі» людзі, зьвязаныя з расейскімі спэцслужбамі, аднак не называюць канкрэтных імёнаў, у тым ліку і імя Піваварніка.