Былы міністар адукацыі ўзначаліў Інстытут бізнэсу БДУ

Від на адміністрацыю Менскага мэтрапалітэну і Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт з плошчы Незалежнасьці

Міністар адукацыі Беларусі ў 2001–2003 гадах Пётар Брыгадзін стаў дырэктарам Інстытуту бізнэсу Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Загад аб прызначэньні Брыгадзіна рэктар БДУ Андрэй Кароль падпісаў яшчэ 4 траўня, сказалі Радыё Свабода ў аддзеле кадраў унівэрсытэту.

У прэс-службе БДУ прызначэньне Брыгадзіна патлумачылі для TUT.BY ягоным адміністрацыйным досьведам.

Пётар Брыгадзін, архіўнае фота

Прафэсару Пятру Брыгадзіну 68 гадоў, у 1971 годзе ён скончыў гістарычны факультэт БДУ. Яго кандыдацкая дысэртацыя называлася «Камсамол Беларусі — актыўны памочнік партыі ў культурным будаўніцтве (1966–1970 гг.)». У 1995 годзе гісторык абараніў доктарскую дысэртацыю па дзейнасьці эсэраў у Беларусі з канца 19 ст. па 1917 год.

У 2000–2001 гадах Брыгадзін працаваў рэктарам Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі. У 2003 годзе на пасадзе міністра адукацыі Брыгадзін пасьля загаду Савету міністраў падпісаў загад аб ліквідацыі Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа.

Your browser doesn’t support HTML5

Беларускі ліцэй: 10 гадоў у падпольлі

Ад 2003 году Брыгадзін узначальваў Дзяржаўны інстытут кіраваньня і сацыяльных тэхналёгій БДУ.

Як новы рэктар рэфармуе БДУ?

Сёлета 9 красавіка Рада БДУ аднагалосным рашэньнем аб’яднала Дзяржаўны інстытут кіраваньня і сацыяльных тэхналёгій з Інстытутам бізнэсу і мэнэджмэнту тэхналёгій. Аб'яднанае падразьдзяленьне стала называцца Інстытутам бізнэсу. На думку рэктара БДУ Андрэя Караля, аб’яданьне інстытутаў прывядзе да ўзмацненьня бізнэс-адукацыі ў Беларусі.

Рэктар БДУ Андрэй Кароль

​Больш як за месяц да стварэньня Інстытуту бізнэсу, 28 лютага, звольнілі дырэктара Інстытуту бізнэсу і мэнэджмэнту тэхналёгій Уладзімера Апанасовіча. Ён кіраваў гэтай установай ад моманту яе стварэньня ў 1996 годзе. Апанасовіч зьвязваў сваё звальненьне з прыходам летась у верасьні новага рэктара і аптымізацыяй унівэрсытэту.

16 траўня TUT.BY стала вядома пра звальненьне дэкана эканамічнага факультэту БДУ Міхаіла Кавалёва, які займаў гэтую пасаду 19 гадоў.

Рада БДУ 13 красавіка расфармавала Інстытут журналістыкі, падзяліўшы яго на факультэты журналістыкі і падвышэньня кваліфікацыі кадраў. 12 красавіка зьявілася інфармацыя пра звальненьне дырэктара Інстытуту журналістыкі Сяргея Дубовіка. Гэтыя зьмены таксама зьвязвалі з рашэньнем Андрэя Караля.