4 траўня стала вядома, што прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі па літаратуры адкладаецца на 2019 год. Самая гучная літаратурная ўзнагарода сьвету стала ахвярай скандалу, які ўжо паўгода скаланае швэдзкае грамадзтва. У выніку спаралізаваная праца Швэдзкай акадэміі, якая з 1901 году па запавеце Альфрэда Нобэля штогод вызначае ляўрэата ў галіне літаратуры.
Мы пагаварылі з паэтам і драматургам Дзьмітрыем Плаксам, які стала жыве ў Швэцыі, і пачыталі швэдзкія СМІ — каб зразумець, як рух #metoo за лічаныя месяцы змусіў да зьменаў арганізацыю, якой 232 гады (Швэдзкая акадэмія заснаваная ў 1786 годзе).
#metoo — глябальная кампанія, у рамках якой ахвяры сэксуальных дамаганьняў і гвалту выступаюць з публічнымі заявамі пра гэта. Старт кампаніі дала публікацыя ў амэрыканскім выданьні The New York Times, дзе жанчыны сьведчылі супраць усясьветна вядомага кінапрадусара і ўладальніка прэміі «Оскар» Гарві Вайнштэйна.
З чаго пачаўся скандал?
З хвалі #meetoo, якая ў Швэцыі займела шырокі рэзананс у розных галінах грамадзкай і культурнай дзейнасьці. Журналістка Матыльда Густаўсан (Matilda Gustavsson) апублікавала ў найбуйнейшай швэдзкай штодзённай газэце Dagens Nyheter сьведчаньні 18 жанчын, якія абвінавачвалі ў сэксуальных дамаганьнях і гвалце вядомага дзеяча швэдзкай культуры. Ягоная жонка, да таго ж, была сябрам Швэдзкай акадэміі, а сам ён кіраваў вельмі вядомай культурнай фундацыяй у Стакгольме.
Ці вядомыя гэтыя жанчыны?
Так, чатыры з 18 жанчын выступілі пад сваімі імёнамі. Сярод іх вельмі вядомая пісьменьніца Габрыеля Хокансан і журналістка Лена тэн Гоўпэн.
«Ён ня быў шматслоўны, перш чым схапіць мяне паміж ног. Да гэтага нічога не вяло, не было ані флірту, ані дотыкаў. Проста ягоная рука апынулася ў мяне паміж ног», — сказала швэдзкай газэце Габрыеля Хокансан. Паводле яе, гэта здарылася на вечарынцы ў 2007 годзе.
Яе бойфрэнд, пісьменьнік і адвакат Томас Энрат быў сьведкам таго, што здарылася. «Я памятаю гэта як цяпер, бо гэта адна з самых грубых рэчаў, якія я хоць калі бачыў», — сказаў ён.
Каго яны абвінавачваюць?
У расьсьледаваньні імя не прагучала. Але іншыя швэдзкія выданьні адразу пачалі яго называць. Цяпер гэтая сям’я не падтрымлівае кантактаў з прэсай.
Швэдзкія СМІ называюць фатографа і тэатральнага рэжысэра, 71-гадовага Жана-Клёда Арно, мужа чальца Акадэміі Катарыны Фростэнсан. Ён адмаўляе ўсе абвінавачаньні.
Пры чым тут Акадэмія?
Гэты чалавек валодаў вельмі вядомым прыватным культурніцкім цэнтрам у Стакгольме і карыстаўся фінансавай падтрымкай ад Швэдзкай акадэміі. Гэта не было сакрэтам, але цяпер гэты факт разглядаецца ў іншым сьвятле, — кажа Дзьмітры Плакс.
Высьветлілася таксама, што людзі, блізкія да іншых сябраў Швэдзкай акадэміі, таксама сяды-тады атрымлівалі ад яе фінансаваньне. Усё гэта складаецца ў такую карціну, што Швэдзкая акадэмія ў цяперашнім складзе страціла давер, мяркуе Плакс.
Швэдзкая акадэмія замовіла адвакацкай фірме незалежнае расьсьледаваньне. Яго матэрыялы ўжо апублікаваныя. Наўпрост парушэньня заканадаўства не было выяўлена, але ёсьць падазрэньні ў нямэтавым выкарыстаньні ўлады і сродкаў. Адвакацкая фірма прапануе Швэдзкай акадэміі шэраг захадаў, такіх як зварот у паліцыю з заявамі па пэўных эпізодах.
Яшчэ адзін колішні сталы сакратар Швэдзкай акадэміі Хорас Энгдаль — ён якраз застаўся ў ёй — выступіў з жорсткім артыкулам у штодзённай вечаровай газэце Expressen. Там ён больш-менш адкрытым тэкстам сказаў, што Сара Даніюс — найгоршы сталы сакратар за ўсю гісторыю. Зь ягонага пункту гледжаньня, яна не дала рады забясьпечыць працу Швэдзкай акадэміі.
«Адным словам, гэта скандал», — кажа Дзьмітры Плакс.
Ці праўда, што разгалошваліся імёны будучых ляўрэатаў, напрыклад, Сьвятланы Алексіевіч і Боба Дылана?
У дасьледаваньні, праведзеным на замову Швэдзкай акадэміі, пацьверджаньня гэтым фактам не знайшлося.
Чаму Акадэмія ня можа працаваць далей?
8 з 18 сябраў Акадэміі заявілі пра сыход. Сярод іх сталы сакратар Швэдзкай акадэміі Сара Даніюс, былы сталы сакратар Пэтэр Энглюнд, вядомы швэдзкі пісьменьнік Кляс Остэргрэн, пісьменьніца Катарына Фростэнсан.
У асноўным яны сышлі з прычыны рознагалосьсяў унутры самой Швэдзкай акадэміі. Сутнасьць гэтага канфлікту не разгалошваецца, бо Швэдзкая акадэмія працуе ва ўмовах сакрэтнасьці. Цяпер гэта вельмі крытыкуецца, хоць гэта аснова іх працы і заўжды было так.
Сяброўства ў Швэдзкай акадэміі, згодна са статутам, да апошняга часу было пажыцьцёвым. Здаралася нават, што сябар адмаўляўся ўдзельнічаць у працы, але заставаўся ў Акадэміі да скону.
Цяпер кароль Швэцыі Карл XVI Густаў зьмяніў статут, і заставацца пажыцьцёва сябрам Швэдзкай акадэміі — гэта права, а не абавязак. Таму ўжо можна адмаўляцца ад гэтага статусу.
Як рэагуюць у Швэцыі на рашэньне не прысуджаць прэмію сёлета
Рэзананс пазытыўны. Усе назіральнікі аб’яднаныя думкай, што гэта было адзінае слушнае рашэньне і так і трэба было зрабіць.
Ці назавуць Нобэлеўскага ляўрэата па літаратуры ў 2019 годзе?
Верагодна. Заявы тых, хто хоча пакінуць Швэдзкую акадэмію, будуць задаволеныя. Абяруць новых сябраў, і праца Акадэміі ўзновіцца.
Ці адзіны гэта скандал, які выклікала #metoo ў Швэцыі?
Тое, што зрабілі #metoo — гэта рэвалюцыя, — мяркуе Дзьмітры Плакс. Вельмі вядомы ў Швэцыі опэрны сьпявак і кампазытар сышоў са Швэдзкай акадэміі музыкі. Былі скандалы ў кіна- і тэатральным бізнэсе. Маштабы вельмі вялікія. Выявілася, што нават у грамадзтве, дзе, здавалася б, паважаюцца правы і шмат што робіцца дзеля гендэрнай роўнасьці, сытуацыя зусім не такая добрая.