Амэрыканска-беларуская паэтка і перакладчыца Вальжына Морт па дарозе зь Беларусі ў Італію правяла паэтычную вечарыну ў Празе, на якой яе вершы прагучалі па-беларуску, па-ангельску і па-чэску. Прапануем 10 фактаў і цытатаў найбольш вядомай беларускай паэткі ў замежжы.
Вальжына Морт нарадзілася ў Менску, жыве ў ЗША, дзе выкладае ў Карнэльскім унівэрсытэце. Яе кніжкі выйшлі ў Беларусі, ЗША, Нямеччыне, Швэцыі.
1. Пачала пісаць вершы пасьля таго, як кінула музыку
«Усё жыцьцё займалася музыкай, сьпявала ў дзіцячай студыі ў менскім опэрным тэатры. Я вырасла на сцэне, вельмі люблю даклясычную літургічную музыку, клясычную опэру і расейскі мадэрн. Потым вельмі нечакана перастала займацца музыкай...
Як у шмат якой савецкай беларускай школьніцы, літаратура прысутнічала ў маім жыцьці на ўзроўні вершаў на сьвяты, але ў бацькоў была вялікая бібліятэка зь вельмі дзіўнай камбінацыяй кнігаў. Па суседзтве "абдымаліся" маркіз дэ Сад і Шолахаў, Маркс і Набокаў. Я гэта ўсё чытала і з кніжкамі гулялася, як з цацкамі. Пісаць не хацелася. Але калі кінула музыку, то пачала пісаць. Я адаслала свае першыя вершы Віктару Жыбулю. Дай яму Бог здароўя, бо ён мяне адразу запрасіў у "Бум-Бам-Літ". Калі я прыйшла ў ББЛ, гэта ўжо была складзеная, усталяваная суполка. Літаратура здавалася неараным полем — яго і араць ня трэба было: паскачы, патанчы па ім — і яно квітнее. Гэта была жывая і вясёлая літаратура. Я не мушу займацца аналізам ББЛ, але мне прыемна, калі яго згадваюць — я чакаю, што які-небудзь цудоўны крытык напіша вясёлую, разумную кніжку пра ББЛ, яго вытокі і разьвіцьцё.
Наступную нізку вершаў я пісала ўжо не з "Бум-Бам-Літам". Пачала перакладаць польскую паэзію, і наступныя вершы пісаліся пад уплывам польскіх паэтаў — Рафала Ваячка ды іншых. Менск таксама заўсёды быў для мяне, як той казаў, невычарпальнай крыніцай натхненьня».
2. Яе першая мова — расейская, але вершы піша па-беларуску і па-ангельску
«Я пішу адразу на дзьвюх мовах — на беларускай і на ангельскай. Адразу два чарнавікі побач ляжаць, і перакладаю з адной мовы на другую — з ангельскай на беларускую і зь беларускай на ангельскую. Тут мне блізкі падыход Борхеса, які пісаў, што літаратура — гэта кіпа чарнавікоў, і разглядаў пераклад на адным узроўні з арыгіналам (яшчэ невядома, які з гэтых чарнавікоў лепшы, але чым больш іх, тым верагоднейшыя новыя цікавыя знаходкі). На сваёй першай мове, расейскай, я ніколі не пісала. Можа. таму і атрымліваецца нешта рабіць па-ангельску, бо ні яна, ні беларуская — ня першыя мовы для мяне. Мова паэзіі — заўсёды крыху не свая мова, заўсёды крыху замежная, якая выходзіць на самую мяжу граматычнага і сынтаксычнага. Так, як кажа паэт у вершы, ніхто не размаўляе. Паэтычная мова заўсёды крыху зламаная. Мая бабуля размаўляла на вельмі прыгожай трасянцы — мова памежжа, памежжа моўнага, гістарычнага, геаграфічнага, памежжа пакаленьняў, сну і явы, памяці і ўяўленьня».
3. Не называе сябе ані паэтам, ані паэткай
«Я не паэт і не паэтка, я Вальжына Морт. Калі я пішу верш і ёсьць нейкае азарэньне, калі нечакана падае сьцяна сэнсу і за ёю адкрываецца новы, больш важны сэнс, то я — сама паэзія. Але калі верш скончаны, застаецца толькі страх — а будзе яшчэ? Ці атрымаецца зноў пабыць паэзіяй і калі?
Прыметнік "беларуская" я адмаўляю толькі ў пэўным кантэксьце. У мяне ёсьць досьвед міжнародных літаратурных фэстываляў, дзе ўсе — паэты і пісьменьнікі, а я "беларуская паэтка". Гэта лэйбл на клетцы ў заапарку.
Што да гендэрнага азначэньня... Безумоўна, я пішу ўсім целам. Гэта паэзія, напісаная жаночым целам. Але гэта не "жаночая паэзія" ў традыцыйным для Беларусі сэнсе. Нядаўна Юлія Цімафеева рабіла лекцыю пра жанчын-гераінь у беларускай літаратуры і расказвала пра беларускую мову з майго аднайменнага верша як гераіню. І яна ў мяне спытала, як я сама яе бачу. Я ёй адказала, што беларуская мова — гэта drag queen, штучная жаноцкасьць у квадраце».
4. Працуе за пісьмовым сталом штодня каля 8 гадзінаў
«Калі я не выкладаю, як сёлета, то сяджу за пісьмовым сталом увесь час — з 8 ранку да гадзін чатырох. Я працую з чарнавікамі, перакладаю, чытаю — учытваюся ў асобныя вершы паэтаў, якія мне ў гэты момант важныя. Я марудная і зацыкленая — магу некалькі гадзін мяняць два словы месцамі ў сказе альбо перачытваць нейкія свае нататкі, зь якімі пакуль ня ведаю, што рабіць. Але калі ўжо верш пайшоў, то працую хутка, інтэнсіўна і ўголас — таму магу пісаць, толькі калі зусім адна дома».
5. Гэты год жыве зь сям’ёй у «вечным горадзе» дзякуючы стыпэндыі Амэрыканскай акадэміі Рыму
«Па сутнасьці, мне ўсё роўна, дзе пісаць — у Рыме ці ў беларускай вёсцы. Галоўнае, каб была мая асабістая прастора — і фізычная, і часавая, ну і добрая кава зранку».
6. Лічыць, што паэты думаюць радкамі, а ня рыфмамі
«Для мяне рыфма — гэта ня толькі гарманічнае рэха ў канцы радка. Рыфма, па сутнасьці сваёй, гэта паўтор, і паўтараць-рыфмаваць можна ня толькі апошнія словы, але і сынтаксіс, вобразы, інтанацыю, рытм. У мяне шмат рыфмуецца насамрэч, калі вельмі ўважліва чытаць. Мае вершы будуюцца на ўнутраных рыфмах, алітэрацыях, сынтаксычных і лексычных паўторах. Рыфма ў вершы мусіць быць сэнсавай, гэта ня толькі акустычны элемэнт, ня толькі фанэтычная музычнасьць. Са словаў, якія рыфмуюцца, мусіць складацца моўны сэнс. Я вельмі люблю дысгармонію, дысананс і нейкую нерэгулярную рыфму, бо не люблю інэртнасьці ў паэзіі. Ня думаю, што паэты думаюць рыфмамі. Паэты думаюць радкамі, вобразамі, інтанацыямі, рытмамі».
7. Яе паэзію найлепш разумеюць беларусы, афраамэрыканцы і амэрыканскія габрэі, продкі якіх уцяклі з Усходняй Эўропы
«У беларусаў і афраамэрыканцаў вельмі падобная гісторыя траўмы, гісторыя замоўчваньня траўмы. Калі я чытаю верш пра беларускую бабулю, белая амэрыканская бабка замілавана думае, што гэта пра яе. Я рада яе замілаваньню, але тут зусім іншы кантэкст. У чалавека майго ўзросту бабуля нарадзілася ў 1920-я гады, пражыла 30-я, 40-я, 50-я і гэтак далей, таму немагчыма сказаць "бабуля" і ўявіць сябе нейкую кветачку, якая на ровары едзе. Увесь наш кантэкст гістарычнай траўмы выходзіць адразу. Цябе гадуе нехта, хто жыў у бязьлітасных рэаліях, чыё жыцьцё ня мела каштоўнасьці, ня мела вагі на родным ляндшафце — маглі і звозілі, і забівалі бязьлітасна, не па-чалавечы ставіліся да чалавека на нацыянальным узроўні. Для белага амэрыканца гэта страшная казка. Для чорнага — сямейная гісторыя».
8. Выкладала ў Карнэльскім унівэрсытэце ў ЗША, дзе калісьці чытаў свае лекцыі пра расейскую літаратуру Ўладзімір Набокаў
«Мае амэрыканскія студэнты ўсе начытаныя. Ніхто зь іх не прыйшоў у паэзію, бо жыцьцё іх такое абсурднае, што ўжо само па сабе мастацтва. Яны ўсе з кніжак прыходзяць. Калі ты пачынаеш чытаць з Паўнда, Эліёта, з самага пачатку ведаеш, што паэзія — гэта складаны жанр, складаныя сэнсы. Я гэтым ад іх адрозьніваюся. Мы спачатку пісалі, а потым чыталі. Гэта вельмі тыповая зьява для майго пакаленьня, для паэтаў, якія цяпер выдаюць свае першыя кнігі. Мы пачыналі пісаць з голага месца, і калі мы знаходзілі сябе ў нейкім літаратурным космасе, раптам разумелі, што мы без скафандра, бяз аніякай падтрымкі традыцыі. Літаратурная традыцыя мусіць стаяць за сьпінай маладога паэта сьцяной падтрымкі, нават калі ён піша супраць традыцыі».
9. Лічыць, што немагчыма сказаць у Беларусі «лес» і ня думаць пра пахаваньні
«Адкуль я? Што я? У маёй сям’і, як і ў многіх беларускіх сем’ях, з гэтым пытаньнем далёка ня зойдзеш. Далей за маю бабулю я нічога ня ведаю. Ведаю гісторыі людзей, ад якіх засталося адно імя, і няма ніводнай рэчы, ні голасу, ні почырку, ні твараў. Гэта пакаленьне маўчаньня 20-30-40-х гадоў. Я адчуваю вагу гэтага маўчаньня як паэт і як чалавек. Я ня думаю, што я магу даць голас сваім мёртвым, але я мушу зь імі размаўляць. Я бачу ў гэтым нейкую форму справядлівасьці, якая аддаецца людзям, ад якіх не засталося нічога. У выпадку маёй сям’і нават магілаў няма.
Калі я прыяжджаю ў Беларусь, там паўсюль магілы, масавыя пахаваньні, не прыбраныя, не ўшанаваныя. Чужыя мёртвыя прысутнічаюць у нейкім траўмаваным стане. І свае мёртвыя — цішыня, адсутнасьць. Немагчыма па-беларуску сказаць "лес" і ня думаць пра пахаваньні, якія належаць нікому і ўсім нам».
10. Яе называюць адной з «найбольш вядомых і таленавітых маладых літаратараў сучаснай Амэрыкі», але сама яна ня лічыць, што ў паэта можа быць кар’ера
Вальжына Морт — аўтарка беларускамоўных зборнікаў паэзіі «Я тоненькая, як твае вейкі» (2005, Логвінаў, Менск), «Эпідэмія ружаў» (2017, Логвінаў, Менск), аўтарка англамоўных зборнікаў «Factory of Tears» (2008, Copper Canyon Press, Port Townsend), «Collected Body» (2011, Copper Canyon Press, Port Townsend). Паэтычныя зборнікі выйшлі таксама ў Нямеччыне (Surkamp Verlag) і Швэцыі.
Вальжына — удзельніца шматлікіх міжнародных літаратурных фэстываляў у Нямеччыне, Швэцыі, Ірляндыі, Славеніі, Літве, Нідэрляндах, Індыі, Ямайцы, Вялікай Брытаніі. Яна ляўрэатка міжнароднай літаратурнай узнагароды «Крышталь Віленіцы» Міжнароднага літаратурнага фэстывалю «Віленіца-2004» (Славенія, 2005), літаратурнай узнагароды для ўсходнеэўрапейскіх аўтараў Burda Preis (Нямеччына), літаратурнай узнагароды Бэс Хокін (Bess Hokin Prize) ад амэрыканскага часопісу «Poetry». У 2010 Вальжына Морт была ўганараваная амэрыканскай літаратурнай стыпэндыяй Фундацыі Лэнэна (2009 Lannan Literary Fellowship), якой штогод узнагароджваюцца як вядомыя, так і маладыя «аўтары надзвычайных літаратурных якасьцяў, якія зрабілі значны ўнёсак у англамоўную літаратуру і праяўляюць патэнцыял для далейшай яскравай працы». У 2016-м атрымала ўзнагароду фундацыі Эмі Клэмпіт (Amy Clampitt Fellowship). З 2012 году Морт выкладае паэзію ў Карнэльскім унівэрсытэце. Пры гэтым усім яна ня лічыць, што «у паэта можа быць кар’ера і што посьпех у паэзіі — справа вельмі адносная і неабавязковая».