Старшыня рады дырэктараў групы кампаній Fenox Global Group Віталь Арбузаў выйшаў на волю. Пра гэта паведамляе TUT. BY са спасылкай на дзьве незалежныя крыніцы.
«У пятніцу ўвечары, каля 19 гадзін, яго адпусьцілі. Даволі нечакана. Мера стрыманьня зьмененая на асабістую паруку», — распавялі суразмоўцы з акружэньня Арбузава.
Пад асабістую паруку азначае, што некалькі асобаў далі пісьмовыя абавязацельствы аб тым, што Арбузаў, знаходзячыся на волі, не схаваецца ад сьледзтва і суду, ня будзе перашкаджаць расьсьледаваньню справы або разгляду яе судом і ня будзе займацца злачыннай дзейнасьцю.
«Арбузаў не заслужыў такога: замест таго, каб перадаць бізнэс дзецям, прымаць ад іх перадачы», — бізнэсовец Кабанаў
Віталя Арбузава затрымалі 12 красавіка 2017 году, пазьней Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) заявіў, што «выявіў і спыніў маштабную супрацьпраўную дзейнасьць» старшыні рады дырэктараў групы кампаній Fenox Global Group Віталя Арбузава і шэрагу службовых асобаў субʼектаў гаспадараньня, зьвязаную зь нявыплатай падаткаў у асабліва буйным памеры.
Падазраванымі ў крымінальных справах прызналі 18 чалавек (12 зь іх былі затрыманыя), на маёмасьць наклалі арышт.
Да затрыманьня Арбузаў значыўся 11-м у Топ-200 пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі ў 2017 годзе паводле часопіса «Ежедневник». А за год да гэтага яго называлі наогул нумарам 2 пасьля генэральнага дырэктара Wargaming Віктара Кіслага.