Сваякі рэпрэсаваных прапануюць паставіць пад Воршай памятныя знакі пра сталінскія расстрэлы

Самаробны мэмарыял на Кабыляцкай гары (архіўнае фота)

Адзінае афіцыйна прызнанае месца масавых расстрэлаў у 1930-я гады — урочышча Кабыляцкая гара пад Воршай. Але сваякі рэпрэсаваных сьцьвярджаюць, што ім вядомыя і іншыя месцы загубы бязьвінных грамадзян, арыштаваных і кінутых у аршанскія турмы. У гэтых мясьцінах родныя прапануюць паставіць памятныя знакі. Пра гэта яны пішуць у лістах у райвыканкам.

Кампанію дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ініцыяваў ураджэнец Воршы Ігар Станевіч. Ён вярнуў зь нябыту каля двух дзясяткаў імёнаў сваіх родзічаў, аддаўшы шмат часу на працу ў архівах. І здолеў аб’яднаць у ініцыятыўную групу іншых нашчадкаў рэпрэсаваных.

Пасяджэньне ініцыятыўнай групы. Ігар Станкевіч — зьлева

Адна з апошніх кампаній дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій — гэта звароты ў Аршанскі райвыканкам з просьбай вызначыць месца для помніка ці мэмарыялу.

«На імя старшыні райвыканкаму накіравана ўжо больш за дзясятак лістоў, прычым ня толькі з Воршы. Пра памяць аб сваіх рэпрэсаваных сваяках гатовыя паклапаціцца жыхары Віцебску, Менску, а таксама родзічы забітых з Расеі, Італіі, Швэцыі. Усе яны распавядаюць розныя сямейныя гісторыі, паводле якіх сталінскія расстрэлы адбываліся ў розных мясьцінах: ня толькі на Кабыляцкай гары, але і пад навакольнымі вёскамі, у Харкаўскім лесе ўздоўж Магілёўскай шашы... Таму і месцы для помнікаў людзі прапануюць розныя», — кажа Ігар Станкевіч.

Людзі ўшаноўваюць памяць пра сваіх закатаваных сваякоў. Кабыляцкая гара

Зварот у Аршанскі райвыканкам накіравала і 95-гадовая Зінаіда Пашкевіч, дачка славутай Матруны Маркевіч, якой належыць аўтарства арнамэнту на сьцягу БССР. У гонар стваральніцы арнамэнту ў Сяньне ў 2015 годзе ўсталявалі памятны знак. «Сьцяг з арнамэнтам маёй маці пабываў у космасе, а яе муж ляжыць недзе ў хмызьняку», — напісала спадарыня Пашкевіч, якая просіць усталяваць памятны знак у памяць пра бацьку на Кабыляцкай гары.

Фрагмэнт ліста Зінаіды Пашкевіч

Мэмарыяльны знак у гэтым месцы некалі быў: у канцы 1980-х на распараджэньне аршанскіх уладаў там паставілі помнік-валун з мэмарыяльнай дошкай. Аднак вандалы скралі шыльду, а мясцовыя ўлады адмовіліся ад клопату пра ўшанаваньне памяці расстраляных. Даглядаць гэтае месца стала справай грамадзкіх актывістаў, якія прыходзяць туды ў памінальныя дні разам са сваякамі бязьвінна забітых.

Помнік, які ўсталяваў у памяць пра расстраляных аднавяскоўцаў аршанец Анатоль Буласаў (архіўнае фота)

Валун з дняпроўскага граніту сёньня застаўся адзіным напамінам пра колішнюю трагедыю. У апошнія гады сваякі рэпрэсаваных саматугам ставяць панавокал крыжы і помнікі забітым тут родзічам. Яны чакаюць адказу з райвыканкаму на свае звароты, каб мець магчымасьць зрабіць тут афіцыйны мэмарыял — нават за ўласны кошт. Але мясцовыя ўлады яшчэ не далі згоды.​

Савецкі камбінат сьмерці. У 1930-я НКВД у Воршы забіваў да 150 чалавек на дзень