Упраўленьне «Рассельгаснагляду» па Бранскай і Смаленскай абласьцях забараніла ўвоз зь Беларусі трох партый мяса-малочнай прадукцыі агульнай вагой 43 тоны.
Сярод іх прадукцыя ААТ «Александрыйскае» — гаспадаркі на радзіме Аляксандра Лукашэнкі. Партыю з 15 тонамі ахалоджанага мяса птушкі не прапусьцілі ў Расею, таму што нумар у вэтэрынарным сэртыфікаце не адпавядаў нумару аўтамабіля.
Вярнулі таксама 9 тон сыру Аршанскага малочнага камбінату. Прычына — «неадпаведнасьць найменьня прадпрыемства-вытворцы». У вэтэрынарным сэртыфікаце і ў пасьведчаньні якасьці і бясьпекі яны былі розныя.
Таксама расейцы не прапусьцілі 19 тон малака з Салігорскай філіі Слуцкага сыраробнага камбінату. Прычына — пазначанай на этыкетцы даты вырабу не было на пасьведчаньні якасьці і бясьпекі, а таксама на вэтэрынарным сэртыфікаце.
Гасьцініца, спарткомплекс, рэзыдэнцыя. На радзіме Лукашэнкі
У звароце да Палаты прадстаўнікоў і народу 24 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь экспартуе 2/3 вырабленай прадукцыі. Агульны рынак з Расеяй ня створаны, а харчовыя войны ўжо набілі аскому. Праца тармозіцца непасьлядоўнай пазыцыяй саюзьніка, лічыць Лукашэнка.