Новым кіраўніком аграхолдынгу «Купалаўскае» ў Шклоўскім раёне стаў былы дырэктар па аграпрамысловай палітыцы холдынгу «Амкадор» Аляксандар Харашкевіч, піша TUT.BY. «Амкадору» належыць асноўны пакет акцый таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Купалаўскае».
Камэнтаваць прызначэньне Харашкевіча кіраўнік упраўленьня па сельскай гаспадарцы Шклоўскага райвыканкаму Юры Зямскоў адмовіўся.
Старшыня Шклоўскага райвыканкаму Васіль Віцюноў паведаміў TUT.BY, што Харашкевіч стаў выконваць абавязкі кіраўніка «Купалаўскага» на мінулым тыдні.
Аляксандар Харашкевіч зьмяніў на пасадзе кіраўніка «Купалаўскага» Дзьмітрыя Васілеўскага, якога 31 сакавіка знайшлі павешаным у лесе.
Васілеўскі кіраваў аграхолдынгам два месяцы. Дзеля дырэктарства ў «Купалаўскім» яго з прычыны вытворчай неабходнасьці зьнялі са старшынёўства ў Дрыбінскім райвыканкаме.
Стварэньне аграхолдынгу «Купалаўскі» ініцыяваў Аляксандар Лукашэнка. У 2016 годзе кіраўнік дзяржавы прапанаваў стварыць аб’яднаньне з трох буйных гаспадарак Шклоўскага раёну. На прыкладзе «Купалаўскага» Лукашэнка хацеў паказаць, якой мае быць гаспадарка ХХІ стагодзьдзя. У пэрспэктыве, не выключаў кіраўнік дзяржавы, аграхолдынг мог аб’яднацца зь яшчэ адным сельскагаспадарчым гігантам Шклоўшчыны — таварыствам «Александрыйскае».