Нацыянальны сход Армэніі 59 галасамі «за» і 42 галасамі «супраць» з другой спробы выбраў кіраўніка фракцыі «Элк», лідэра пратэставага руху Нікола Пашыньяна прэм’ер-міністрам Армэніі.
Дзясяткі тысяч грамадзян 8 траўня зноў сабраліся на плошчы Рэспублікі ў цэнтры Ерэвану, куды іх напярэдадні запрасіў сам Нікол Пашыньян для сьвяткаваньня «эпахальнай перамогі».
У падтрымку кандыдатуры Пашыньяна прагаласавалі 46 дэпутатаў апазыцыйных фракцый «Ельк», «Царук’ян» і «Дашнакцут’юн», а таксама 13 дэпутатаў ад ранейшай урадавай фракцыі Рэспубліканскай партыі.
1 траўня Рэспубліканская партыя Армэніі, якая мае большасьць у парлямэнце, заблякавала абраньне Пашыньяна. Гэта прывяло да новых пратэстаў у Армэніі, пасьля якіх кіроўная партыя пагадзілася дапамагчы выбраць Пашыньяна кіраўніком ураду. Пашыньяну трэба было атрымаць галасы ня менш як 53 дэпутатаў у парлямэнце, які складаецца з 105 месцаў.