Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Армэніі звольнілася дырэктарка школы, якая не пускала вучняў на пратэсты


Рузана Азізьян
Рузана Азізьян

Дырэктарка ерэванскай школы № 11 Рузана Азізьян звольнілася пасьля пратэстаў вучняў, якія патрабавалі яе адстаўкі. 5 траўня заяву аб сыходзе яна падала мэру гораду, піша Голас Армэніі.

Напярэдадні каля будынка школы № 11 некалькі сотняў чалавек (паводле дадзеных агенцтва «Інтэрфакс»), школьнікі, іх бацькі, некаторыя настаўнікі і праваабаронцы зладзілі акцыю пратэсту, дзе патрабавалі звольніць Азізьян.

Пратэстоўцы сьцьвярджалі, што дырэктарка не дазваляла вучням удзельнічаць у вулічных акцыях апазыцыі і сілком ўтрымлівала іх у школе.

Акрамя таго, як сьцьвярджалі ўдзельнікі акцыі, Азізьян праз давераную асобу зьбірала гадавыя прэміі, якія выплачвалі супрацоўнікам, а ў школе рэгулярна зьбіралі грошы з бацькоў, піша армянская служба Радыё Свабода.

Раней з школы № 11 ужо паступалі сыгналы аб зборах грошай, але праверка пракуратуры тады не выявіла нейкіх парушэньняў.

Сама Азізьян кажа, што акцыя супраць яе была сплянаваная.

«Гэта было нечакана, я сваіх вучняў такімі ня бачыла, яны ніколі не віталіся са мной без усьмешкі. Гэта было арганізавана, тое, што была арганізавана супраць прэм’ер-міністра, цяпер ладзяць супраць мяне», — сказала Азізьян мясцоваму выданьню «Аравот».

Рузана Азізьян — член кіроўнай Рэспубліканскай партыі і аднакурсьніца прэм’ер-міністра Сэржа Саргсяна, які пайшоў у адстаўку.

8 траўня ў парлямэнце Армэніі пройдзе другі тур галасаваньня на выбарах прэм’ер-міністра краіны. 1 траўня лідэр пратэстнага руху Нікол Пашыньян не атрымаў дастатковай колькасьці галасоў у сувязі з пазыцыяй фракцыі Рэспубліканскай партыі Армэніі. Пасьля гэтага Пашыньнян заклікаў да татальнай страйку. Пратэстоўцы перакрылі вуліцы, не працаваў грамадзкі транспарт. 3 траўня кандыдатуру Пашыньяна другі раз вылучылі на пасаду прэм’ер-міністра. Вулічныя пратэсты спыніліся.

Пратэст у Ерэване 2 траўня
Пратэст у Ерэване 2 траўня

Акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня ў Ерэване і іншых гарадах Армэніі пачаліся 13 красавіка. Першапачатковая прычына — прызначэньне прэм’ер-міністрам Сэржа Саргсьяна, які 10 гадоў займаў пост прэзыдэнта краіны.

17 красавіка Нікол Пашыньян абвясьціў аб пачатку бяскроўнай «аксамітнай» рэвалюцыі з намерам дамагчыся зьмены ўлады шляхам мірных пратэстаў.

23 красавіка пасьля масавых вулічных акцый у розных гарадах Армэніі толькі што прызначаны прэм’ерам Саргсьян сышоў у адстаўку, заявіўшы, што «ён памыліўся». Нікола Пашыньяна вылучылі на пасаду прэм’ер-міністра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG