ЭЗ і ЗША асудзілі затрыманьне ўдзельнікаў акцыі «Ён нам ня цар» у Расеі

Затрыманьне падчас акцыі «Ён нам ня цар» 5 траўня 2018

У Эўразьвязе асудзілі масавыя затрыманьні ўдзельнікаў акцыі «Ён нам ня цар» у Расеі і патрабуюць неадкладнага вызваленьня ўсіх затрыманых.

«Дзеяньні расейскіх уладаў па ўсёй краіне пагражаюць фундамэнтальнаму праву на свабоду выказваньня і сходаў у Расейскай Фэдэрацыі. Затрыманьні журналістаў таксама парушаюць свабоду СМІ», — гаворыцца ў заяве Эўрапейскай службы зьнешнепалітычнай дзейнасьці ад 5 траўня.

Нягледзячы на тое, што частка акцый не была ўзгодненая, гэта не апраўдвае жорсткасьць паліцыі і масавыя затрыманьні, лічаць у ЭЗ.

ЗША таксама асудзілі дзеяньні Расеі і запатрабавалі неадкладнага вызваленьня затрыманых падчас пратэстаў, напісала прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартамэнту Хідэр Наўэрт.

«Палітычныя лідэры, якія ўпэўненыя ў сваёй легітымнасьці, не арыштоўваюць мірных апанэнтаў за ўдзел у пратэсьце», — напісала яна ў twitter.

У Расеі 5 траўня па ўсёй краіне прайшлі акцыі «Ён нам ня цар» напярэдадні інаўгурацыі расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна на чацьвёрты тэрмін. Паводле дадзеных расейскага незалежнага праваабарончага мэдыя-праекту «ОВД-Инфо», усяго затрымалі каля 1 230 чалавек. У сталіцы Маскве лік затрыманых на акцыі, ня ўзгодненай з уладамі, дасягнула 592 чалавек, у другім горадзе Расеі Санкт-Пецярбургу кажуць пра 112 затрыманых. Частку затрыманых адпусьцілі.

Акрамя таго, падчас акцыі ў Маскве сілавікі затрымалі журналіста праекту «Настоящее время» Аляксея Аляксандрава.