Уладзімер Шкуроў, дырэктар Другога эўрапейскага дэпартамэнту Міністэрства замежных спраў Украіны, адказаў на пытаньне Свабоды пра магчымы абмен абвінавачанымі ў шпіянажы грамадзянамі Ўкраіны і Беларусі.
— Ці абмяркоўваюць афіцыйныя ўлады дзьвюх краін пытаньне абмену «шпіёнамі»?
— Гэта вельмі важнае, але далікатнае пытаньне. Вядома, абмяркоўваюць, і я спадзяюся, што застаецца зусім няшмат часу, каб гэтае пытаньне было вырашана.
— Калі вы кажаце пра вырашэньне пытаньня, гаворка ідзе пра абмен?
— Я не хацеў бы казаць больш, бо гэта трохі за межамі маёй кампэтэнцыі. Я назіраю за гэтым пытаньнем, я бяру ўдзел у адпаведных нарадах, і мы вельмі б хацелі, каб з гуманітарнага пункту гледжаньня гэта было вырашана як найхутчэй. Ёсьць мноства тэхнічных пытаньняў, мноства юрыдычна-прававых пытаньняў.
— Сярод юрыдычных пытаньняў ёсьць і той аспэкт, што беларускі «шпіён» яшчэ ня мае прысуду?
— Я ня думаю, што менавіта так трэба трактаваць. Ёсьць тэхнічныя пытаньні, якія зараз паступова вырашаюцца. І я спадзяюся, бо і родныя, і людзі, якія трапілі ў гэтую сытуацыю, таксама не павінны думаць, што іхныя дзьве дзяржавы пра іх забыліся. Працуюць службы, якія мусяць працаваць. Кіраўніцтва пра гэта ведае, і ёсьць такое агульнае жаданьне, каб хутчэй гэтае пытаньне ўрэгуляваць. Гэта шчыра.
Гісторыя шпіёнскага скандалу
Беларускага грамадзяніна Юрыя Паліты́ку затрымалі ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне быў знойдзены зашыфраваны файл з мапаю разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм».
Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Справа супраць беларуса была адкрытая на падставе заявы вайскоўца Дзьмітрыя Острыка, які цяпер знаходзіцца ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе. Паводле Юрыя Палітыкі, ён пазнаёміўся зь Дзьмітрыем Острыкам у грамадзкай арганізацыі «Поўнач», якая дапамагала памежнікам ахоўваць дзяржаўную мяжу Ўкраіны. Беларус хацеў працаваць валянтэрам у гэтай арганізацыі. Цяпер у Чарнігаве ідзе суд над Палітыкам, наступнае пасяджэньне заплянаванае на 15 траўня.
Карэспандэнт Грамадзкай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ўкраіны Паўло Шаройка быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ Беларусі 25 кастрычніка 2017 году ў Менску і абвінавачаны ў стварэньні ў Беларусі шпіёнскай сеткі зь ліку грамадзян краіны, «якія за грашовае ўзнагароджаньне выконвалі ягоныя заданьні па зьбіраньні зьвестак выведнага характару ў вайскова-палітычнай сфэры».
У дачыненьні да Шаройкі была заведзеная крымінальная справа паводле 358 артыкула Крымінальнага кодэксу — за шпіянаж.
Суд над Шаройкам прайшоў у Вярхоўным судзе Беларусі ў лютым, вырак не апублікаваны дагэтуль. Шаройка застаецца ў Беларусі пад вартай.
Украінскія экспэрты выказвалі меркаваньні, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ менавіта на затрыманьне Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве.