Адміністрацыя Лукашэнкі запрасіла на сустрэчу ўдзельніц галадоўкі

Лёзунг "Адпусьціце тату!" напісаў 8-гадовы Стась Крыцкі, чыйго бацьку засудзілі на 9,1 году. Маці Інэса (у цэнтры)

Кіраўніцтва Калінкавічаў перадало ўдзельніцам руху «Маці 328» запрашэньне на суcтрэчу з кіраўніцай адміністрацыі Лукашэнкі Натальляй Качанавай у першы дзень галадоўкі.

Увечары 27 красавіка ў кватэру, дзе сабраліся ўдзельніцы галадоўкі, прыйшоў старшыня мясцовага савету дэпутатаў Віктар Замосьцік і Сяргей Гвозьдзь, паведаміла Радыё Свабода прадстаўніца руху «Маці 328» Тацяна Канеўская.

«Яны сказалі што зьвязаліся „зь верхам“ і, там хочуць арганізаваць для нас сустрэчу і гэтую сустрэчу хоча арганізаваць для нас Натальля Качанава» — сказала Свабодзе Тацяна Канеўская.

Галадоўніцы патрабуюць сустрэчы з чыноўнікамі

Імаверна, сустрэча пройдзе 2 траўня, паведаміла Свабодзе прадстаўніца Калінкавіцкага райвыканкаму. Галадоўніцам далі ноч падумаць і раніцай яны прадставілі сьпіс чыноўнікаў, якіх хочуць бачыць на гэтай сустрэчы:

  • міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч;
  • кіраўнік Сьледчага камітэту Іван Наскевіч;
  • старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала;
  • генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк;
  • старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка;
  • старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч;
  • кіраўнік Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Вадзім Іпатаў.

Ад сустрэчы толькі з Качанавай удзельніцы галадоўкі адмовіліся, бо адміністрацыя кіраўніка дзяржавы ня мае права на заканадаўчую ініцыятыву.

«Мы ўключылі ў сьпіс людзей, ад якіх можа залежыць зьмякчэньне заканадаўства па 328 артыкуле», — сказала Свабодзе ўдзельніца галадоўкі Ліяна Шуба.

Месца галадоўкі «Маці 328» у Пухавіцкім раёне

Паводле слоў удзельніцы галадоўкі Ліяны Шубы, Ігар Шуневіч, Аляксандар Канюк і Валянцін Сукала адмаўляліся раней прыняць прадстаўніц «Маці 328». З Вадзімам Іпатавым удзельніцы руху ўжо сустракаліся.

«Калі тыя людзі, якіх мы папрасілі быць прыйдуць, то магчыма другі і трэці пункт нашых патрабаваньняў можна будзе вырашыць», — патлумачыла Тацяна Канеўская, чаму ўдзельніцы галадоўкі адмовяцца ад сустрэчы, калі кагосьці з чыноўнікаў на ёй ня будзе.

Шуневіч: МУС не вітае паслабленьня адказнасьці за наркотыкі

Увечары 28 красавіка ўдзельніцам галадоўкі абяцалі адказаць, хто з кіраўнікоў ведамстваў возьме ўдзел у сустрэчы. Атрымаць камэнтар у Калінкавіцкім райвыканкаме і мясцовым Савеце дэпутатаў не атрымалася.

Патрабаваньне сустрэчы з Лукашэнкам дагэтуль актуальна

Як сказала Ліяна Шуба, удзельніцы галадоўкі па-ранейшаму настойваюць на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Мы ўпэўнены, што ён не валодае ўсёй інфармацыяй. Да яго інфармацыя даходзіць няпоўна ці скажона. Вы павінны разумець, як зацьвярджаецца законапраект: яго распрацоўвае пэўная камісія, а пасьля ён зацьвярджаецца з зацікаўленымі структурамі. І нам патрэбныя прадстаўнікі ўсіх гэтых структур. Каб яны сказалі: „так мы будзем над гэтым працаваць“. Калі яны гэтага ня скажуць, нам патрэбны прэзыдэнт».

Усяго ў Калінкавічах галадаюць сямёра жанчын. Шасьцёра пастаянна знаходзяцца ў кватэры Алены Казаковай, а Інэса Крыцкая - пэрыядычна

Праз запрашэньне на сустрэчу ад Натальлі Качанавай удзельніцы «Маці 328» галадоўку ня спыняць. Таксама яны папрасілі давезьці іх да месца сустрэчы, бо яна будзе адбывацца на пяты дзень галадоўкі і яе ўдзельніцы будуць аслабленыя, каб дабірацца на грамадзкім транспарце. Адно з патрабаваньняў «Маці 328» прысутнасьць на сустрэчы СМІ, якія «зацікаўлены ў дакладнай інфармацыі» — БелаПАН, Радыё Свабода, Наша Ніва, Народная Воля, TUT.BY.

27 красавіка 12 удзельнікаў руху «Маці 328» у Пухавіцкім раёне і Калінкавічах абвясьцілі галадоўку. Пра падтрымку ўдзельнікаў галадоўкі заявілі прадстаўніку руху на Магілёўшчыне. Патрабаваньні ўдзельнікаў галадоўкі:

  • Сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.
  • Стварэньне камісіі аб пераглядзе спраў паводле крымінальнага артыкула 328 пачынаючы з 2013 году.
  • Зьмена заканадаўства адносна артыкула 328 Крымінальнага кодэксу.
  • Амністыя асуджаных паводле артыкула 328.

Пракуратура папярэдзіла галадоўніц у Калінкавічах за несанкцыянаваны сход у кватэры