Удзельніцы руху «Маці 328» абвясьцілі бестэрміновую галадоўку. Яны дамагаюцца перагляду артыкулаў Крымінальнага кодэксу за ўжываньне наркотыкаў і патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
На лецішчы ў Пухавіцкім раёне пачалі галадоўку 5 маці з руху «Маці З28», які аб’ядноўвае сваякоў тых, хто асуджаны за распаўсюд наркотыкаў. Да іх далучыўся і адзін бацька асуджанага за наркотыкі.
«Ад поўначы шэсьць нашых актывістак пачалі галадоўку ў Калінкавічах. Цяпер і мы. Хто да каго далучаецца, мяркуйце самі. Галоўнае, што нас шмат, а будзе яшчэ больш, і мы будзем стаяць да канца», — сказала на пачатку галадоўкі Ларыса Жыгар, лідэр грамадзкай ініцыятывы.
Паводле яе разьлікаў, да галадоўкі празь дзень далучацца яшчэ 3–4 жанчыны, а ўсяго па Беларусі будуць галадаць на знак пратэсту каля 20 чалавек.
Чаго дамагаюцца жанчыны з «Руху 328»?
«Першае — гэта сустрэчы з прэзыдэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам, бо толькі ён можа нам дапамагчы. Як казалі нам сябры Палаты прадстаўнікоў яшчэ год таму, у 2018 годзе Лукашэнка плянаваў з намі сустрэцца. Мяркуем, час прыйшоў», — кажа Людміла К. Яе сын чацьвёрты год сядзіць у калёніі «Віцьба-3». Адбываць пакараньне яму яшчэ 9 гадоў. Людміла дамагаецца перагляду справы сына.
Гэта другі пункт у патрабаваньнях галадоўнікаў — стварэньне камісіі, якая зможа вывучыць і прапанаваць для перагляду справы па 328 артыкуле з 2013 году. Жанчыны мяркуюць, што шмат спраў па гэтым артыкуле сфальшаваныя сьледзтвам. Таксама пратэстоўцы мяркуюць, што частку прысудаў суды вынесьлі несправядліва.
Асноўныя факты пра прымяненьне «наркатычнага» артыкула 328 у Беларусі. Інфаграфіка
Самы галоўны блёк патрабаваньняў удзельнікаў галадоўкі тычыцца лібэралізацыі заканадаўства, у тым ліку зьмякчэньня пакараньня па 328 артыкуле, магчымасьці ўжываць амністыю, упарадкаваньня пэўных нормаў уліку наркатычных злачынстваў.
«Як магчыма, што за грам наркотыку і за кіляграм — адны і тыя ж тэрміны? Нехта згодны, што дзеці парушылі закон, але чаму яны атрымалі такія неверагодныя тэрміны — 10 і болей гадоў? Якімі людзьмі яны вярнуцца ў нармальнае жыцьцё? Дайце ім шанец», — кажа Ларыса Жыгар.
У лягеры галадоўнікаў на лецішчы разьбіта некалькі намётаў, у тым ліку мэдычны, дзе будзе наладжаны кантроль за станам здароўя ўдзельніц галадоўкі.
Чытаць далей: Пракуратура папярэдзіла галадоўніц у Калінкавічах за несанкцыянаваны сход у кватэры