Як 300 Хірасімаў. 32 гады таму Беларусь накрыла радыяцыйная хмара Чарнобылю

26 красавіка 1986 году адбылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі — выбухнуў чацьвёрты блёк чарнобыльскага рэактара. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.

У атмасфэру было выкінута радыяактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе. З усіх краінаў ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — звыш 70% радыянуклідаў асела на тэрыторыі краіны.

Чарнобыль: Жыцьцё пасьля канца сьвету. Храналёгія падзей

Палову з 118 раёнаў Беларусі ў рознай ступені закранула чарнобыльская катастрофа, найбольш пацярпеў 21 раён. У выніку аварыі тэрыторыя на дзясяткі кілямэтраў вакол ЧАЭС была забруджаная радыянуклідамі звыш дапушчальных значэньняў. На землях з узроўнем забруджаньня цэзіем-137 звыш 36 кБк/кв апынуліся каля 2 млн 100 тысяч чалавек (25% насельніцтва рэспублікі).

З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуявалі і адсялілі 138 тысяч чалавек, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый. Чарнобыль ня проста трагедыя ў гісторыі, яго наступствы ўплываюць на здароўе сёньняшніх беларусаў.

У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыйшлося 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 складае 30 гадоў, гэта значыць, што ў 2016 годзе яго колькасьць на тэрыторыі Беларусі зьменшылася ўдвая.

Цэзій-137. Адмысловы праект

Нам здаецца, што пасьля Чарнобылю радыяцыя патроху сыходзіць, але, напрыклад, пэрыяд паўраспаду плютонію-239, які выпаў на нашу тэрыторыю, — 24 тысячы год. Гэта ў пяць разоў больш, чым узрост эгіпецкіх пірамідаў. Калі распадаецца плютоній-241, на радыяактыўна забруджаных тэрыторыях утвараецца амэрыцый-241. Магутнасьць амэрыцыю-241 да 2058 году будзе толькі ўзрастаць.

Катастрофа нанесла Беларусі і эканамічны ўдар. Страты краіны ад аварыі склалі каля 235 млрд даляраў ЗША. З усіх галін беларускай эканомікі найбольшыя страты панесла сельская гаспадарка.

Зона Адчужэньня. Горад Прыпяць праз 29 гадоў пасьля аварыі на ЧАЭС

Саюзныя і рэспубліканскія ўлады ў першыя дні выбралі тактыку замоўчваньня інфармацыі аб маштабах бяды і практычна замарудзілі арганізацыю дзеяньняў, якія маглі б паменшыць дрэнныя наступствы для насельніцтва. На другі дзень пасьля аварыі пра рэзкае павышэньне радыяцыйнага фону ў паветранай прасторы сваіх краінаў загаварылі прадстаўнікі Швэцыі, Нарвэгіі, Вялікай Брытаніі ды інш. Толькі пасьля гэтага афіцыйныя СМІ СССР сьціпла паведамілі аб аварыі, у выніку якой адбылося «пэўнае павышэньне радыяцыйнага фону».

Дзяржаўная камісія, сфармаваная ў СССР для расьсьледаваньня прычынаў катастрофы, усклала асноўную адказнасьць за яе на апэратыўны пэрсанал і кіраўніцтва ЧАЭС.

Як БНФ дамогся праўды пра Чарнобыль

Станцыя дагэтуль знаходзіцца на стадыі падрыхтоўкі да вываду з эксплюатацыі: у басэйнах вытрымкі да сёньня захоўваецца адпрацаванае ядзернае паліва. У пэрспэктыве бягучага году павінна быць дабудавана спэцыяльнае сховішча адпрацаванага паліва сухога тыпу, якое пачне функцыянаваць у канцы 2018 году. Такім чынам пра вывядзеньне АЭС з эксплюатацыі можна будзе казаць пасьля адгрузкі паліва ў гэта сховішча.

15 рэдкіх здымкаў з ЧАЭС: чацьвёрты энэргаблёк знутры

З 1989 году апазыцыя традыцыйна праводзіць у Менску Чарнобыльскі шлях, прысьвечаны трагедыі.

Сёлета Менгарвыканкам ухваліў заяўку на правядзеньне Чарнобыльскага шляху 26 красавіка. Збор удзельнікаў ля кінатэатру «Кастрычнік» а 18-й. Адтуль шэсьце рушыць да памятнага знаку «Ахвярам Чарнобылю» у парку Дружбы народаў. Там дазволена правесьці мітынг-малітву і ўскласьці кветкі з 20.00 да 20.30.

Чарнобыльскі шлях. Фота 1989—2015 гадоў

Актывісты КХП — БНФ правядуць сваю акцыю ў Кіеўскім сквэры з 18:00 да 20:30, яна таксама дазволеная.

І дзяржава праводзіць захады, прысьвечаныя аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Напрыклад, 25 красавіка ў Беларускім дзяржаўным харэаграфічным каледжы адбыўся дабрачынны канцэрт, прысьвечаны 32-й гадавіне з дня аварыі.

«Самае страшнае — не аварыя, а тое, што было пасьля»

«Вёска стала могілкамі» — фатограф зьняў жыцьцё і сьмерць чарнобыльскай вёскі