Служба бясьпекі Ўкраіны рассакрэціла шэраг дакумэнтаў савецкага часу, датычных аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Адзін з гэтых дакумэнтаў — пералік зьвестак, якія падлягалі засакрэчваньню.
У датаваным 8 ліпеня 1986 году сьпісе з 26 пунктаў, які падрыхтаваў пяты аддзел шостага ўпраўленьня КГБ СССР, сакрэтнай, у прыватнасьці, абвяшчаецца наступная інфармацыя:
- Зьвесткі, якія раскрываюць сапраўдныя прычыны аварыі на блёку № 4 ЧАЭС
- Зьвесткі пра велічыні і склад сумесі, выкінутай падчас аварыі.
- Зводныя зьвесткі пра радыеактыўнае забруджваньне прыродных асяродзьдзяў, харчовых прадуктаў і кармоў, якое перавышае гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі.
- Абагульненыя зьвесткі пра захворваньні на ўсе формы промневай хваробы людзей, якія патрапілі пад узьдзеяньне ў пэрыяд аварыі і ліквідацыі яе наступстваў.
- Зьвесткі пра масавыя атручэньні і эпідэмічныя хваробы, зьвязаныя з аварыяй.
- Зьвесткі пра вынікі лекава-прафіляктычных мерапрыемстваў зьвязаных з аварыяй.
Акрамя таго, зьвесткі пра асобныя радыяцыйныя замеры абвяшчаліся інфармацыяй «для службовага карыстаньня», але тыя ж самыя зьвесткі на ўзроўні вобласьці, саюзнай рэспублікі ці СССР у цэлым таксама зрабілі сакрэтнымі.