У ЗША прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі ў Сэнаце запатрабавалі ад найбуйнейшых міжнародных банкаў прадставіць інфармацыю пра рахункі, што належаць расейцам, якія фігуруюць у так званым «крамлёўскім дакладзе» — сьпісе набліжаных прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
Адпаведны ліст сэнатары Джын Шахін і Шэлдан Уайтхаус разаслалі тром буйным амэрыканскім і пяці эўрапейскім банкам. Пра гэта сёньня паведамляе Reuters са спасылкай на дакумэнт.
Ліст быў адпраўлены ў амэрыканскія Bank of America, JPMorgan Chase і Citibank, а таксама ў нямецкі Deutsche Bank, брытанскія Barclays і HSBC і швайцарскія UBS і Credit Suisse. Сэнатары просяць, каб банкі далі інфармацыю пра тое, ці праводзілі яны ў апошнія пяць гадоў праверку, каб вызначыць, ці належаць якія-небудзь рахункі фігурантам «крамлёўскага сьпісу», і паведаміць яе вынікі. Калі банкі адмовяцца прадстаўляць інфармацыю, сэнатары будуць патрабаваць прыняцьця ў дачыненьні да іх больш жорсткіх мераў, уключаючы дзяржаўнае расьсьледаваньне.
Ініцыятыва Шахіна і Шэлдана разглядаецца як чарговы крок у кампаніі ціску на Крэмль, разгорнутай амэрыканскімі заканадаўцамі ў адказ на агрэсіўныя дзеяньні Расеі ва ўсім сьвеце.
30 студзеня Міністэрства фінансаў ЗША апублікавала «крамлёўскі даклад» — сьпіс набліжаных прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, у дачыненьні да якіх могуць быць уведзеныя санкцыі за ўмяшальніцтва ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. У ім 210 імёнаў — усе чальцы ўраду Расеі, супрацоўнікі адміністрацыі прэзыдэнта, кіраўнікі дзяржкарпарацыяў, кіраўнікі праваахоўных ведамстваў і алігархі.