Куба бяз Кастра. Што вядома пра новага прэзыдэнта Кубы Мігеля Дыяса-Канэля

​Мігель Дыяс-Канэль з Раулем Кастра.

Нацыянальная асамблея Кубы абрала кіраўніком Дзяржсавету 57-гадовага Мігеля Дыяса-Канэля, які да гэтага займаў пасаду віцэ-прэзыдэнта краіны. Ён быў адзіным кандыдатам на гэтую пасаду.

86-гадовы Рауль Кастра, родны брат памерлага лідэра кубінскай рэвалюцыі, які з 2008 году займаў вышэйшую дзяржаўную пасаду на Кубе, застаецца кіраўніком Кампартыі Кубы — як мінімум да яе наступнага зьезду, прызначанага на 2021 год. Хутчэй за ўсё, ён па-ранейшаму будзе кантраляваць войска — у тым ліку і праз Палітбюро ЦК партыі, траціну якога складаюць вайскоўцы.

Неадкладнай палітычнай лібэралізацыі ад Дыяса-Канэля ніхто не чакае — адразу ж мяняць рэжым не ў яго інтарэсах. Пытаньне, якое цяпер задаюць сабе ўсе, хто цікавіцца кубінскай палітыкай: наколькі самастойным будзе пераемнік Рауля Кастра?

Узорны камсамолец і трошкі бунтар

Мігель Марыё Дыяс-Канэль Бермудэс нарадзіўся 20 красавіка 1960 году ў кубінскім горадзе Пласетас у сям’і рабочага мэханічнага заводу. У 1982-м скончыў Цэнтральны ўнівэрсытэт Лас-Вільяс у Санта-Клары па спэцыяльнасьці інжынэр-электроншчык. Адслужыўшы тры гады ў войску, ён некалькі гадоў выкладаў у родным унівэрсытэце, а потым перайшоў на камсамольскую працу.

У 1987 году Дыяс-Канэль зьехаў у Нікарагуа, дзе ў той момант ішла грамадзянская вайна. Пры шчодрай падтрымцы СССР і Кубы сандыністы на чале з Даніэлем Артэгай ваявалі з атрадамі «контрас» — тыя атрымлівалі зброю з ЗША і нападалі на поўнач і поўдзень краіны з тэрыторый Гандурасу і Коста-Рыкі. Дыяс-Канэль, аднак, быў у Нікарагуа не ваенным саветнікам, а займаўся ідэалягічнай працай з моладзьдзю.

Вярнуўшыся на Кубу, Дыяс-Канэль стаў звычайным апаратчыкам. У 1994 годзе ён узначаліў партарганізацыю ў роднай Вілья-Клары, праз восем гадоў быў пераведзены на такую ж пасаду ў іншую правінцыю і неўзабаве ўвайшоў у палітбюро ЦК кампартыі Кубы.

Пасьля прызначэньня прэзыдэнтам Кубы Рауля Кастра Мігель Дыяс-Канэль стаў міністрам вышэйшай адукацыі, у 2012 годзе — віцэ-прэмʼерам, а яшчэ праз год — віцэ-прэзыдэнтам краіны. Упершыню ў гісторыі сацыялістычнай Кубы такую высокую пасаду заняў чалавек, які ня браў удзелу ў рэвалюцыі 1959 году.

На фотаздымках Дыяса-Канэля даўно можна заўважыць побач з вышэйшым кіраўніцтвам Кубы, аднак у сілу яго асьцярожнасьці ў вядзеньні апаратнай гульні, ніякіх яркіх заяваў ён не рабіў, ніхто ня ведаў пра яго перакананьні. Бываў Дыяс-Канэль і ў афіцыйных замежных паездках. У 2016 годзе ён прыяжджаў у Маскву, дзе сустракаўся з Пуціным.

Вядома, што Дыяс-Канэль жанаты другім шлюбам і што ў яго двое дзяцей ад першай жонкі. Кажуць, што ў маладосьці насіў доўгія валасы і слухаў The Beatles. Знаёмы Дыяса-Канэля — вядомы кубінскі дысыдэнт і журналіст Гільерма Фарыньяс — кажа, што ў дзяцінстве ведаў таго як «дапытлівага, імпульсіўнага, агрэсіўнага, адважнага і дзёрзкага» чалавека і «сапраўднага сябра». Іх адносіны сапсаваліся ў 1980-я, калі Фарыньяса і іншых студэнтаў-псыхолягаў сабраліся адлічыць з унівэрсытэту за цікавасьць да работ Фрэйда — тады Дыяс-Канэль, па словах дысыдэнта, падтрымаў іх выключэньне.

Пасьля Дыяс-Канэль актыўна выступаў за раўнапраўе гомасэксуалаў. На Кубе гэта, зрэшты, не супярэчыць вернасьці ідэалам сацыялізму. Дачка Рауля Кастра Марыэла працуе дырэктарам Нацыянальнага цэнтру сэксуальнай адукацыі і прытрымліваецца лібэральных поглядаў на сэксуальныя свабоды. Ёй належыць лёзунг: «Сацыялізм — так! Гамафобія — не!»

Нядаўна менавіта Марыэла, якая зьяўляецца дэпутаткай Нацыянальнай асамблеі, выказалася ў тым сэнсе, што пераемнік яе бацькі на пасадзе кіраўніка дзяржавы можа ўсіх зьдзівіць. На яе думку, у падобных выпадках «ніколі не абыходзіцца без сюрпрызаў».

З чым Дыяс-Канэль прыняў Кубу

Эканоміка Кубы, пабудаваная паводле плянавага прынцыпу і падпарадкаваная дзяржаве, знаходзіцца ў цяжкім становішчы. Гэта зьвязана з падзеньнем коштаў на нікель і цукар, і з эканамічнай катастрофай у Вэнэсуэле, якая пастаўляе на востраў нафту. У дадзены момант пастаўкі нафты з Вэнэсуэлы значна скараціліся.

Сярэдні заробак на Кубе — $ 31. Як піша The New York Times, адной з галоўных задач для Дыяса-Канэля стане адмена дзьвюхвалютной сыстэмы. З 1994 году на востраве дзейнічаюць песа і канвэртаваныя валюты: іх выкарыстоўваюць турысты, якія прыяжджаюць на востраў, у іх вядуць разьлікі пры міжнародным гандлі. Канвэртаваны песа прывязаны да даляра і афіцыйна роўны звычайнаму песа, але фактычна каштуе ў 25 разоў даражэй. З гэтай прычыны цэнаўтварэньне ўнутры краіны паралізаванае. Пераход на адзіную валюту, хутчэй за ўсё, прывядзе да інфляцыі і ўдарыць па дзяржаўным кампаніям. Рауль Кастра выказваўся за рэформу з пачатку свайго кіраваньня; у сьнежні 2017 году ён заявіў, што яе «больш нельга адкладаць».

Сярод іншых задач, якія стаяць перад Дыясам-Канэлем, — прыцягненьне замежных інвэстыцый, мадэрнізацыя энэргетычнай і транспартнай інфраструктуры, адмова ад картачнай сыстэмы, разьвіцьцё прыватнага бізнэсу. Крок у бок апошняга быў зроблены ўжо Раулем Кастра: у выніку асьцярожных лібэральных рэформаў колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў на Кубе дасягнула 580 тысяч чалавек. Бізнэс стаў настолькі пасьпяховым, што год таму ўлады ўвялі для іх дадатковыя абмежаваньні і прыпынілі выдачу новых ліцэнзій. Гэта рашэньне тлумачылася небясьпекай зьяўленьня сацыяльнай няроўнасьці, што ў сацыялістычнай краіне недапушчальна.

Замежныя інвэстыцыі зьвязаныя галоўным чынам з турыстычнай галіной. У яе ўкладваюць кампаніі з Гішпаніі, Францыі, Канады, Кітаю, Нямеччыны. У 2017-м на Кубе пабывалі 4,7 млн замежных турыстаў, у тым ліку 1,1 млн амэрыканцаў.

Разьлікі на рост колькасьці менавіта амэрыканскіх турыстаў, зрэшты, не апраўдваюцца. Адміністрацыя Дональда Трампа ня ацаніла заслуг Барака Абамы ў аднаўленьні дыпляматычных адносін з Кубай і пры першай жа магчымасьці зрабіла больш жорсткімі правілы паездак амэрыканцаў на Кубу і забараніла весьці справы з кампаніямі, зьвязанымі з кубінскім ВПК. Калі ведаць, што практычна ўся кубінская эканоміка знаходзіцца ў руках вайскоўцаў, цяжка пераацаніць сурʼёзнасьць гэтых санкцый.