Вярхоўная Рада 19 красавіка ўхваліла зварот прэзыдэнта Пятра Парашэнкі да патрыярха Варфаламея аб наданьні томаса (граматы) на аўтакефалію праваслаўнай царквы ва Ўкраіне.
За праект прагаласавалі 268 народных дэпутатаў, супраць — 36, сярод іх прадстаўнікі «Апазыцыйнага блёку». Нязгодныя заявілі, што рашэньне павінна прымацца ў рамках міжцаркоўнага дыялёгу.
9 красавіка Пятро Парашэнка сустрэўся з патрыярхам Варфаламеем у афіцыйнай рэзыдэнцыі апошняга ў Стамбуле. Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату заявіла, што падтрымлівае намаганьні дзеля пераадоленьня «царкоўнага падзелу». У сваю чаргу, прадстаўнікі ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату лічаць, што няма падставаў для прызнаньня патрыярхам Варфаламеем іншых украінскіх цэркваў.
А ці можа падобная сытуацыя ў агляднай будучыні скласьціся ў Беларусі, дзе таксама існуе падзел паводле іерархічнага падпарадкаваньня?
Гісторык, публіцыст, дасьледчык рэлігійных стасункаў Анатоль Сідарэвіч адназначны: каб нешта ў гэтым пытаньні зьмянілася ў Беларусі, павінна зьмяніцца сытуацыя ў Расеі. Ключы да вырашэньня беларускай праблемы сёньня ляжаць у Маскве, кажа ён.
«Калі на супакой пайшоў уладыка Філарэт, быў выдатны шанец абвясьціць экзархам кагосьці зь беларускіх архірэяў. Замест гэтага беларускі епіскапат атрымаў добрую поўху — прыслалі з Масквы Паўла. Аказваецца, у Беларусі няма годных япіскапаў, якія б узначалілі Экзархат. Хоць, паўтаруся, была магчымасьць паставіць чалавека калі не нацыянальна арыентаванага, то патрыёта сваёй краіны. Такі шанец быў упушчаны.
Беларускі епіскапат атрымаў добрую поўху — прыслалі з Масквы Паўла. Аказваецца, у Беларусі няма годных япіскапаў, якія б узначалілі Экзархат
Што цяпер будзе адбывацца, я ня ведаю, цяжка нешта прагназаваць. Але паколькі афіцыйны Менск цалкам залежыць ад Масквы, ніякія рэальныя крокі ў гэтым кірунку рабіцца ня будуць. Найперш неабходна, каб Беларусь стала незалежнай ад Расеі. Бо маем парадокс: кіраўнік дзяржавы Лукашэнка ня можа запрасіць кіраўніка дзяржавы Ватыкан наведаць Беларусь — бяз згоды маскоўскага патрыярха. Гэта ж абсурд!»
Спадар Сідарэвіч праводзіць гістарычныя паралелі: у заходніх частках Беларусі і Ўкраіны аўтакефалія была абвешчана яшчэ на пачатку 1920-х. Таму паўтарыць на практыцы магчыма ўсё.
«У 1924 годзе, калі заходнія Ўкраіна і Беларусь апынуліся ў складзе Польшчы, Варшава паставіла перад Канстантынопалем пытаньне пра аўтакефалію праваслаўнай царквы ў Польшчы. Паколькі гэтая частка была складнікам Кіеўскай мэтраполіі, канстантынопальскі патрыярх аўтакефалію даў. Маскоўская царква таксама мусіла вызнаць аўтакефалію польскай праваслаўнай царквы.
Бо тады Канстантынопалем адназначна было заяўлена: факт улучэньня Кіеўскай мэтраполіі ў склад маскоўскай царквы яны не прызнаю́ць і не адмаўляюцца ад кіеўскай мэтраполіі.
Такім чынам, калі ня будзе ніякага зьнешняга ціску на патрыярха Варфаламея — маю на ўвазе ціск, перш за ўсё, з боку Масквы і Анкары — то з Кіевам пра ўсё ўжо дамоўлена. Калі Турэччына праігнаруе думку Расеі і пакіне ў спакоі Варфаламея, у ліпені месяцы, калі будзе адзначацца 1030-я гадавіна хрышчэньня, томас будзе абвешчаны».
Пятро Парашэнка 17 красавіка на экстранай сустрэчы з кіраўнікамі парлямэнцкіх фракцый папрасіў Вярхоўную Раду падтрымаць зварот прэзыдэнта і царкоўных герархаў да Ўсяленскага патрыярха аб наданьні томаса «мацярынскай царквы» аб аўтаноміі ў кіраваньні ўкраінскай праваслаўнай царквы.
Паводле ўкраінскай Канстытуцыі царква і рэлігійныя арганізацыі ў краіне аддзеленыя ад дзяржавы.