Рада Бясьпекі ААН правяла пасяджэньне па «справе Скрыпаля»

Паседжаньне Рады Бясьпекі ААН, архіўнае фота

Рада Бясьпекі ААН правяла пасяджэньне па выніках расьсьледаваньня атручваньня былога агента ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі. Ініцыятарам сустрэчы выступіла Вялікая Брытанія, на тэрыторыі якой адбыўся інцыдэнт. Бакі абмеркавалі высновы экспэртаў Арганізацыі па забароне хімічнай зброі.

У Лёндане настойваюць, што Скрыпалёў атруцілі нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок», вырабленым у Расеі. Прадстаўніца Вялікай Брытаніі пры ААН Карэн Пірс таксама заявіла, што ў 2013 годзе расейскія спэцслужбы ўзламалі электронную пошту Юліі Скрыпаль.

Масква абвінавачваньні ў датычнасьці да нападу адмаўляе. Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў 14 красавіка заявіў, што пры нападзе выкарыстоўвалася рэчыва BZ ( «Бі-Зэт»), якое знаходзіцца на ўзбраеньні ў Вялікай Брытаніі і ЗША. Міжнародныя экспэрты гэтую інфармацыю не пацьвярджаюць.

Хто і як мог атруціць Скрыпалёў. Эксклюзіўнае інтэрвію са стваральнікам «Навічка». ВІДЭА

Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя 4 сакавіка ў брытанскім Солсбэры. Пасьля некалькіх тыдняў лекаваньня 33-гадовая Юлія Скрыпаль была выпісаная з бальніцы тыдзень таму. Яе бацька застаецца ў бальніцы, хоць ён ужо не ў крытычным стане. Абодва па-ранейшаму лечацца ад наступстваў атручваньня.

Брытанскія ўлады абвінавацілі Расею ў датычнасьці да хімічнай атакі ў Солсбэры на той падставе, што Скрыпалі былі атручаныя баявым атрутным рэчывам «Навічок», распрацаваным у СССР. 14 сакавіка прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй заявіла пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў. На знак салідарнасьці зь Лёнданам такія ж захады зрабілі больш за 20 краінаў сьвету. Міністэрства замежных спраў Расеі абвясьціла аб «люстраных мерах» у дачыненьні да 23 дзяржаваў, якія выслалі расейскіх дыпляматаў.

Скрыпаль быў асуджаны ў Расеі праз абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць Вялікай Брытаніі. У 2010 годзе яго абмянялі на расейскіх агентаў, выкрытых у ЗША. За некалькі дзён да атручваньня былы афіцэр ГРУ паведамляў брытанскай паліцыі, што асьцерагаецца за сваё жыцьцё.

Замах на Сяргея Скрыпаля: табун, заман і іншыя дэталі