Расейскія спэцслужбы на працягу пяці гадоў сачылі за былым агентам ГРУ Сяргеем Скрыпалём у Вялікабрытаніі.
Гэта сьцьвярджаецца ў апублікаваным у пятніцу лісьце брытанскага дарадцы ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Марка Сэдвіла генэральнаму сакратару NATO Ёнсу Столтэнбэргу. Ліст прысьвечаны расьсьледаваньню атручваньня Скрыпаля і яго дачкі Юліі ў Солсбэры, у якім Лёндан вінаваціць Расею.
Брытанскія СМІ падкрэсьліваюць, што ліст зьмяшчае рассакрэчаную інфармацыю спэцслужбаў аб «справе Скрыпаля». У ім, у прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што расейскія спэцслужбы на працягу некалькіх гадоў праводзілі экспэрымэнты з нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок», у тым ліку зь яго нанясеньнем на дзьвярныя ручкі.
Менавіта празь дзьвярную ручку дома ў Солсбэры, паводле асноўнай вэрсіі, адбылося атручэньне Скрыпалёў. Акрамя таго, у лісьце сьцьвярджаецца, што спэцслужбы Расеі з 2013 году мелі доступ да электроннай перапіскі Сяргея і Юліі Скрыпалёў. Згадваецца ў лісьце і атручэньне Аляксандра Літвіненкі ў 2006 годзе. Усё гэта, на думку Сэдвіла, можа служыць доказам датычнасьці Расеі да інцыдэнту ў Солсбэры.
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў і амбасадар Расеі ў Брытаніі Аляксандар Якавенка ў пятніцу зноў адхілілі дачыненьне Масквы да замаху на Скрыпалёў, якія выжылі пасьля атручваньня 4 сакавіка.
Паводле слоў Лаўрова, апублікаваная ў чацьвер справаздача Арганізацыі забароны хімічнай зброі ня можа служыць пацьверджаньнем брытанскай вэрсіі таго, што здарылася. У ёй не гаворыцца пра паходжаньне атруты, а толькі паказаная хімічная формула атрутнага рэчыва, якое, паводле словаў Лаўрова, ніколі не выраблялася расейскімі спэцслужбамі.