Пхэньян упершыню прапанаваў Вашынгтону афіцыйна абмеркаваць пэрспэктывы ператварэньня Карэйскага паўвострава ў бязьядзернай зоне на саміце дзьвюх краінаў. Пра гэта ў нядзелю паведаміў на ўмовах ананімнасьці прадстаўнік адміністрацыі ЗША, перадае Reuters.
Паводле яго, у ходзе нядаўніх тайных кантактаў паўночнакарэйскі бок пацьвердзіў зацікаўленасьць у правядзеньні сустрэчы ў вярхах. Да апошняга часу Злучаныя Штаты ў сваіх уяўленьнях аб плянах КНДР спадзяваліся галоўным чынам на інфармацыю, перададзеную Сэулам. Частка размоў амэрыканскіх і паўночнакарэйскіх прадстаўнікоў адбывалася ў дыпмісіі КНДР пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, частка — праз каналы, вызначаныя выведнымі службамі.
ЗША публічна абвясьцілі, што саміт можа адбыцца, як мяркуецца, у траўні. Паўночная Карэя пакуль захоўвае з гэтай нагоды афіцыйнае маўчаньне. Пра магчымае месца сустрэчы інфармацыі таксама не паступала.
Паўночная Карэя і раней выказвала гатоўнасьць разгледзець магчымасьць адмовы ад сваіх ракетна-ядзерных праектаў, калі ЗША выведуць войскі з Паўднёвай Карэі і перастануць прыкрываць ядзерным шчытом як Паўднёвую Карэю, так і Японію.
У панядзелак прыступае да выкананьня абавязкаў новы памочнік Трампа ў галіне нацыянальнай бясьпекі Джон Болтан. У чацьвер у Сэнаце пачынаюцца слуханьні наконт зацьвярджэньня былога дырэктара ЦРУ Майка Пампэо дзяржаўным сакратаром. У сваім падыходзе да Паўночнай Карэі Болтан і Пампэо лічацца «ястрабамі».