Як прымусіць дэпутатаў прымаць законы па-беларуску?

5 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў адбудзецца круглы стол па беларусізацыі заканадаўства. Дэпутатка Алена Анісім больш за год змагаецца за тое, каб законы прымаліся парлямэнтам адначасова на дзьвюх дзяржаўных мовах — расейскай і беларускай. Бо пакуль законаў на беларускай мове няма, пераклады іх ня маюць юрыдычнай сілы.

Ініцыятар круглага стала — камісія па адукацыі, культуры і навуцы

Тэма сфармуляваная так: «Заканадаўства на беларускай мове: праблемы і іх практычнае вырашэньне на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».

Для таго каб законы прымаліся парлямэнтам адначасова на дзьвюх дзяржаўных мовах — расейскай і беларускай, неабходна прыняць Закон аб нарматыўна-прававых актах — базавы дакумэнт, які рэгулюе ўсё заканадаўства, усе прававыя акты, і ў ім павінна быць замацаваная такая норма.

Паколькі законаў на беларускай мове няма, пераклады іх ня маюць юрыдычнай сілы

Алена Анісім

На думку Алены Анісім, адсутнасьць усіх законаў на беларускай мове — прамое парушэньне Канстытуцыі, якое не дае грамадзянам абараніць свае правы ў судовым парадку. Бо пакуль законаў на беларускай мове няма, пераклады іх ня маюць юрыдычнай сілы.

«Людзі зьвяртаюцца з тым, што іхнія правы парушаюцца, асабліва ў судах, і спасылаюцца на адсутнасьць заканадаўства на беларускай мове. А мы як заканадаўцы, атрымліваецца, самі перашкаджаем іх канстытуцыйнаму праву і абвешчанай роўнасьці моваў. Пытаньне важнае.

З майго пункту гледжаньня, яно вырашаецца дастаткова проста, а з пункту гледжаньня юрыстаў — чамусьці складана. Пры гэтым яны забываюцца, што становяцца парушальнікамі Канстытуцыі — самі юрысты. Адсутнасьць заканадаўства на беларускай мове насамрэч спараджае шмат праблем», — робіць выснову Алена Анісім.

Пакуль невядома, ці запрасілі на круглы стол перакладчыкаў

На круглы стол запрошаныя мовазнаўца, акадэмік Аляксандар Лукашанец, былы старшыня Канстытуцыйнага суду, а цяпер прафэсар БДУ Рыгор Васілевіч, экс-дэпутат, былы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтру заканадаўчых і прававых дасьледаваньняў, супрацоўнікі міністэрстваў, дзейныя дэпутаты зь іншых камісій.

Дэпутатка Алена Анісім настойвала, каб на паседжаньне запрасілі і прадстаўнікоў грамадзкай ініцыятывы, якая займалася перакладамі заканадаўства на беларускую мову, але пакуль невядома, ці будуць на круглым стале гэтыя перакладчыкі.

Алена Анісім спадзяецца, што пасьля абмеркаваньня будуць зробленыя і высновы — будзе прынята рэзалюцыя, або рэкамэндацыі, або пэўныя прапановы, каб як мага хутчэй прыняць базавы Закон аб нарматыўна-прававых актах.

«Пасьля прыняцьця Закону аб нарматыўна-прававых актах можна будзе гаварыць, што мэханізм прыняцьця законаў на дзьвюх мовах гатовы да запуску. Наша задача — вярнуць Беларусь у прававое поле ў справе прыняцьця законаў», — кажа яна.

Анісім: Некаторыя ва ўладзе гатовыя служыць чужой краіне, але не гатовыя працаваць на сваю