Выстава «Беларусь — гісторыя народу ў паштовых марках» адкрылася ў горадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця. Яе аўтар — Лявон Карповіч, калекцыянэр зь мястэчка Лунна ў Мастоўскім раёне, што за сорак кілямэтраў ад Горадні. Ён патлумачыў Свабодзе, чаму беларуская гісторыя адлюстраваная на марках аднабакова.
Каралёў і князёў няма ніводнага
Калі Лявон Карповіч убачыў першыя паштовыя знакі Рэспублікі Беларусь у 1992 годзе — з гербам «Пагоня» і бел-чырвона-белым сьцягам, вырашыў зьбіраць маркі. На жаль, беларуская гісторыя ў іх адлюстраваная аднабакова.
«У нас няма ніводнай маркі, прысьвечанай нашым князям. Гэты пэрыяд гісторыі — белая пляма», — зазначае калекцыянэр.
Калі б ён мог выдаваць маркі, то якім гістарычным асобам прысьвяціў бы іх найперш?
«Браў бы па парадку — пачынаючы ад Міндоўга, — кажа Карповіч. — Затым Віцень, Альгерд, Гедзімін. Першай сталіцай ВКЛ быў Наваградак. А маркі няма адпаведнай. Хоць некаторыя замкі не абмінулі ўвагай».
Што рабіць, калі дзяржава ня выпусьціла марак з Войшалкам, Міндоўгам і Вітаўтам? Лявон Карповіч стварыў самаробныя канвэрты зь іх партрэтамі. А каб яны маглі стаць артэфактам, паслаў іх сабе па пошце, што практыкуецца ў калекцыянэраў. І гэтым самым зьліквідаваў белыя плямы. Прынамсі для сябе, каб можна было зьмясьціць на выставе.
Канвэрт з урадам БНР
Прыцягвае ўвагу яшчэ адзін канвэрт — з урадам БНР. Карповіч стварыў яго сам, ён праштэмпэляваны, прайшоў пошту. Вядома, хваляваўся — можа не дайсьці. З розных месцаў пасылаў. Але марка была дзяржаўная, і ніхто не зьвярнуў увагі.
Самаробныя канвэрты ён рабіў пры канцы 1990-х — на пачатку 2000-х. Саматугам, на ксэраксе. Сёньня гэтыя экспанаты прыцягваюць увагу сваёй унікальнасьцю. З другога іх боку — гістарычная даведка.
100 год БНР адзначылі, а маркі няма, наракае Карповіч:
«Калі не падабаюцца дзеячы, хай сабе, не друкуйце іх. Але прысьвяціце марку самой падзеі, бо гэта наша гісторыя, гэта значны юбілей».
Маркі часоў БНР і пазьнейшыя, выпушчаныя эміграцыяй, калекцыянэр называе самымі дарагімі. Шкада, кажа ён, што ў эміграцыі спынілі традыцыю друкаваць свае маркі.
«Што б ні казалі пра кіраўнікоў БНР, але яны зрабілі дальнабачна, што выпусьцілі маркі. Тыя трапілі ў адзін з самых значных каталёгаў — францускі „Івэр“, што азначае — была такая краіна», — мяркуе Карповіч.
З дапамогай польскай і літоўскай пошты
На выставе Карповіча багата польскіх марак, канвэртаў, паштовак. Калісьці Ян Матэйка намаляваў усіх польскіх каралёў, заканчваючы Станіславам Аўгустам Панятоўскім, кажа калекцыянэр. Многія зь іх, пачынаючы ад Ягайлы, былі адначасова і вялікімі князямі літоўскімі. Таму Карповіч і ўключыў іх у выставу. «Гісторыя краіны найлепей раскрываецца праз выбітных асобаў, праз эліту», — кажа ён.
Як польская пошта, так і літоўская зьвяртае пільную ўвагу на тых гістарычных дзеячаў, дзякуючы якім паўстала краіна. Ёсьць на выставе нават літоўскі канвэрт з адмоўным героем — Мураўёвым, што стаіць на грудзе чарапоў.
Ад Полацкага княства да Лукашэнкі
Зь якога часу пачынаецца беларуская гісторыя на марках? З Полацкага княства, адказвае Лявон Карповіч. У яго і Лукашэнка прысутнічае — на марках і канвэртах.
Хоць душу цешаць іншыя.
«З Касьцюшкам марачка 1933 году ЗША. Або зь Мірскім замкам — даваенная польская. Чылійская з Дамейкам. Адчуваеш вялікае задавальненьне, калі знаходзіш замежныя маркі з партрэтамі нашых выбітных землякоў», — кажа Карповіч.