У Першамайскім раённым судзе Менску агучаны прысуд па справе чатырох менскіх рыэлтараў. Іх абвінавацілі ў незаконным завалоданьні маёмасьцю, падрыхтоўцы да незаконнага ўтрыманьня, махлярстве ды іншых злачынствах.
Паводле сьледзтва, злачынствы прыпадалі на пэрыяд з 2007 па 2016 год. Суд прызнаў рыэлтараў вінаватымі ў тым, што яны схілялі асоб, якія «вялі асацыяльны лад жыцьця», да продажу ім сваіх непрыватызаваных кватэр, якія потым перапрадаваліся значна даражэй.
У выніку падсудныя Андрэй Вакула і Аляксандар Яцкевіч атрымалі па 10 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і вялікім штрафам, Віктар Калесьнікаў і Глеб Міхлер асуджаныя адпаведна на 6 і 5 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. У Віктара Калесьнікава суд канфіскаваў тры менскія кватэры і дарагі аўтамабіль.
Кватэры былым уласьнікам не вярнулі
У справе фігуруе больш за 20 пацярпелых. Паводле пастановы суду кватэры, якія раней належалі пацярпелым, засталіся ва ўласнасьці новых гаспадароў, бо суд прызнаў іх «добрасумленнымі пакупнікамі». Кватэры знаходзяцца на вуліцах Якубоўскага, Галадзеда, Розы Люксэмбург, на Партызанскім праспэкце. Вярнуць гэтыя кватэры былыя ўласьнікі змогуць толькі праз грамадзянскія пазовы да новых уласьнікаў.
Справа менскіх рыэлтараў разглядалася больш за 1,5 месяца. Паводле назіральнікаў, высновы сьледзтва пра арганізаваную злачынную групоўку ў судзе не пацьвердзіліся. Пракурор зьмяніў абвінаваўчае заключэньне, суд апраўдаў Андрэя Вакулу і Аляксандра Яцкевіча па адным з абвінавачаньняў.
Як заявілі асуджаныя карэспандэнту Свабоды, вырак судовай калегіі на чале з судзьдзём Дзьмітрыем Цыкалам яны «абавязкова абскардзяць».