Паводле дадзеных Нацбанку, на 1 сакавіка фізычныя асобы павялічылі свае даўгі перад банкамі да 9,3 мільярда рублёў. І гэта зноў рэкордная сума.
Агульная сума выдадзеных грамадзянам крэдытаў на 1 сакавіка склала 9327,8 мільёна рублёў. Большая частка гэтых грошай — 6152,9 мільёна рублёў — ўзятая на куплю або будаўніцтва жыльля. Кожны трэці крэдытны рубель (3174,8 мільёна) быў выдаткаваны на набыцьцё спажывецкіх тавараў.
Варта адзначыць, што ў апошні месяц даўгі сталі расьці меншымі тэмпамі: у сакавіку 2018 году грамадзяне аформілі крэдытаў на 135,8 мільёна рублёў, у той час як у лютым — на 160,1 млн. Таксама ў сакавіку беларусы сталі больш цікавіцца крэдытамі на нерухомасьць: калі ў лютым іх было аформлена на суму 59,3 мільёна рублёў, дык у сакавіку — на 71,5 млн рублёў. Гэта тлумачыцца найперш з ажыятажным попытам на танныя кватэры малой плошчы ў новабудоўлях.
Такая вялікая колькасьць узятых крэдытаў выклікае занепакоенасьць у крэдытораў Беларусі. Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця ўжо прапанаваў уладам астудзіць попыт на крэдыты, паколькі яны ў сваю чаргу стымулююць попыт на імпарт, што цісьне на курс рубля.
У выніку 28 сакавіка Нацбанк заявіў, што з 1 траўня будуць зьмененыя правілы выдачы крэдытаў насельніцтву: у Беларусі ўвядуць каэфіцыент пазыковай нагрузкі. Банк будзе аналізаваць даходы і выдаткі фізычнай асобы, якое зьвярнулася па крэдыт.
«І выдаткі па крэдытах, мікразаймах, лізінгу не павінны перавышаць 40% ад абвешчанага фізычнай асобай даходу», — заяўляюць у Нацбанку. Чакаецца, што дакумэнты на гэты конт будуць апублікаваныя ў найбліжэйшы час.