СМІ: Трамп мае намер выйграць гонку ўзбраеньняў у Пуціна

Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін, лістапад 2017 году

ЗША выйграюць новую гонку ўзбраеньняў, калі яна пачнецца. Пра гэта прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у ходзе тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуцінам 20 сакавіка, паведамляе NBC са спасылкай на крыніцы ў Белым доме.

Суразмоўца тэлеканалу адзначыў, што дарадцы прэзыдэнта пераканалі яго зрабіць стаўку на жорсткі падыход, каб дамагчыся паляпшэньня адносінаў з Расеяй. Менавіта гэты падыход, паводле крыніцы, стаў падставай для пастаўкі процітанкавых комплексаў Javelin ва Ўкраіну.

Дзьве незалежныя крыніцы NBC таксама паведамілі, што Трампа моцна закранулі заявы Пуціна пра новыя віды ядзернай зброі. Расейскі прэзыдэнт заявіў пра іх падчас штогадовага звароту да Фэдэральнага сходу 1 сакавіка.