Ляўрэатам літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» стала Ганна Севярынец

Ганна Севярынец

Настаўніца са Смалявічаў Ганна Севярынец з кнігай «Дзень Сьвятога Патрыка»​ стала ляўрэатам літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес», заснаванай Таварыствам Вольных Літаратараў у 1993 годзе. Яна прысуджаецца за найлепшую беларускую мастацкую кнігу.

Паводле традыцыі арганізацыйны камітэт «Глінянага Вялеса» называе свайго чарговага ляўрэата ў канцы красавіка. Журы прэміі ўзначальвае паэт і празаік Алесь Аркуш.

Пра што аповесьць Севярынец?

«Экспэрт міжнароднай моўнай камісіі Марына Дамейка прымае рашэньне прызнаць беларускую мову мёртвай, і зараз ёй патрэбна захаваць у спэцыяльным архіве тое мастацтва, якое было створана на гэтай мове. Што яна паставіць на паліцы спэцхрану? Каго назаўжды выкіне з гісторыі? Якім чынам на мёртвай мове можна будзе зарабіць мільярды даляраў? Ці зьявіцца ў памерлай мовы шанец? Гісторыя любові — да мужчыны, да літаратуры, да краіны — якая, на жаль, ня можа скончыцца добра», — гаворыцца ў анатацыі да кнігі.

Буктрэйлер да кнігі Ганны Севярынец:


Ганна Севярынец — пэдагог, пісьменьніца. Закончыла філфак БДУ (1997). Выкладае расейскую мову і літаратуру ў адной са школаў Смалявічаў, дзе і жыве. Сёлета выйшла яе першая кніга — раман «Дзень Сьвятога Патрыка».

Шорт-ліст прэміі «Гліняны Вялес-2017» быў такі:

  • Зміцер Вайцюшкевіч «Простыя словы»
  • Леанід Дранько-Майсюк «...Натуральны, як лінія небасхілу» Людміла Паўлікава-Хейдарава «Прыступкі да Храма Сьвятога Духа»
  • Ганна Севярынец «Дзень Сьвятога Патрыка»
  • Павел Севярынец «Беларусалім»
  • Макс Шчур «Галасы»
  • Людміла Шчэрба «Урб@н. М: Адзін дзень не майго жыцьця»

Прэмія даецца пісьменьніку аднойчы. Сярод яе ляўрэатаў у розныя гады былі: Алесь Разанаў, Уладзімір Някляеў, Віктар Казько, Уладзімір Арлоў, Алег Мінкін, Ігар Бабкоў, Валянцін Акудовіч, Андрэй Федарэнка, Эдуард Акулін.