Месцам першага кантакту з нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок» у Сяргея Скрыпаля былі ўваходныя дзьверы ягонага дома ў Солсбэры. Пра гэта паведамляе брытанская паліцыя. У заяве Скотланд-Ярду ўдакладняецца, што менавіта на парозе дома былога супрацоўніка ГРУ спэцыялісты выявілі самую высокую канцэнтрацыю яду.
Паліцыянты адзначаюць, што сьляды атрутнага рэчыва выяўленыя і ў іншых месцах гораду, дзе бывалі Скрыпаль і ягоная дачка Юлія. Аднак там яд выявілі ў меншых колькасьцях, чым у доме.
4 сакавіка экс-палкоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія былі знойдзеныя атручанымі на вуліцы ў Солсбэры. Лёндан лічыць, што да атручваньня датычная Масква. У Крамлі ўсе абвінавачаньні адхіляюць.
14 сакавіка пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў заявіла прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй. Расея зрабіла адпаведны крок у адказ і выслала брытанскіх дыпляматаў. На знак салідарнасьці зь Лёнданам такія ж захады зрабілі ўлады 26 краінаў сьвету, а таксама NATO.
28 сакавіка ў расейскім МЗС заявілі, што брытанскія ўлады няздольныя гарантаваць бясьпеку расейскіх грамадзян на сваёй тэрыторыі. У міністэрстве лічаць, што Лёндан абвінаваціў Маскву, не прад’явіўшы ніякіх доказаў па «справе Скрыпаля».