Жыхары расейскага Кемерава выйшлі на стыхійны мітынг раніцай 27 сакавіка, патрабуючы ад уладаў праўды пра тое, колькі чалавек загінула на пажары ў гандлёвым цэнтры.
Колькасьць ахвяраў, паводле сваякоў загінулых, дасягнула 300 чалавек. Улады кажуць пра 64. З 25 апазнаных — 13 дзяцей.
Пасьля пратэсту жыхароў Кемерава каля будынка адміністрацыі рэгіёну ініцыятыўную групу пусьцілі ў морг для падліку загінулых.
На мітынгу людзі крычаць «забойцы» і «фашысты», пратэстуюць супраць карупцыі, некаторыя патрабуюць адстаўкі ўраду.
Раніцай 27 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прыбыў у Кемерава і ўсклаў кветкі ў памяць пра ахвяр трагедыі да мэмарыялу каля фасада будынка, куды людзі прыносяць мяккія цацкі, кветкі і фатаграфіі загінулых. Пуцін сустрэўся з групай грамадзян, якія ня вераць афіцыйнай інфармацыі. Ён запэўніў людзей, што ня варта верыць непацьверджанай інфармацыі, якая распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках.
Пуцін, аднак, не стаў сустракацца з пратэстоўцамі каля рэгіянальнай адміністрацыі.
У Кемераўскай вобласьці абвешчаная жалоба з 27-га па 29 сакавіка.
Сьледчы камітэт Расеі абвясьціў, што супрацоўнік прыватнага ахоўнага прадпрыемства гандлёвага цэнтру «Зімовая вішня» ў Кемераве адключыў сыстэму апавяшчэньня, калі атрымаў сыгнал аб пажары. Яго затрымалі.
Большасьць ахоўнікаў гандлёвага цэнтра «Зімовая вішня» ў Кемерава, працавалі без ліцэнзіі, заявілі ў галіновым прафсаюзе «Каардынацыйны савет недзяржаўнай сфэры бясьпекі».
Па справе — акрамя ахоўніка, адключыць сыгналізацыю, таксама затрымалі:
- дырэктара кампаніі-ўласьніка ГЦ,
- арандатара памяшканьня, дзе, як мяркуецца, пачаўся пажар,
- супрацоўніка і кіраўніка арганізацыі, якая адказвае за працу пажарнай сыгналізацыі.