Міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін напісаў вялікі артыкул пра 100 год БНР. Артыкул «Украіна і Беларусь. Лёгіка гісторыі» быў зьмешчаны на сайце «Українській правді».
«Нядаўна мы адзначылі 100-годзьдзе УНР. І вось 25 сакавіка спаўняецца 100 гадоў з дня абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
Думаю, што менавіта ўкраінскі прыклад натхніў беларускіх патрыётаў на стварэньне ўласнай дзяржавы. Ва ўсякім выпадку, гэтыя дзьве падзеі, безумоўна, узаемазьвязаныя, як узаемазьвязаная і ўся гісторыя дзьвюх нашых краінаў і народаў.
На жаль, УНР і БНР не выстаялі і былі зьнішчаныя расейскімі і мясцовымі бальшавікамі. Таму сьвяткаваньне юбілеяў адначасова нясе ў сабе і сумную ноту. Ноту страчанага шанцу, нейкай нашмат шчасьлівейшай рэальнасьці, якая тады так і не змагла рэалізавацца», — піша Клімкін.
Міністар разважае пра тое, як склалася б гісторыя Беларусі і Ўкраіны, калі б у 1918 годзе яны здолелі адстаяць сваю незалежнасьць, аналізуе гісторыю і бягучы стан узаемаадносінаў беларускага і ўкраінскага народаў, падабенства іх гістарычных лёсаў. Адзначае, што за больш як тысячу гадоў паміж Беларусьсю і Ўкраінай не было ніводнай вайны, ні канфлікту, ні варожасьці наогул, і «гэта надзвычайная рэдкасьць і надзвычайная цывілізацыйная каштоўнасьць».
У артыкуле згадваюцца гістарычныя постаці Францішка Скарыны, Біблія якога «стала сваёй і на ўкраінскіх землях»; Сімяона Полацкага, які «паехаў атрымліваць адукацыю ў Кіева-Магілянскай акадэміі, а рэктар гэтай акадэміі украінец Рыгор Каніскі стаў арцыбіскупам беларускім»; гетмана Піліпа Орліка, «які быў выхадцам зь беларускіх земляў і ўвайшоў у гісторыю як аўтар дакумэнту, які часта называюць першай у сьвеце канстытуцыяй».
«Сёньня маем пачуцьцё сваяцтва, шчырую узаемную сымпатыю, але практычна поўную недасьведчанасьць пра культурны здабытак адно аднаго, пра агульнае мінулае, не хапае таксама і ўсьведамленьня таго, які магутны патэнцыял мае наша сынэргія ва ўсіх без выключэньня сфэрах».
Клімкін падкрэсьлівае, што ўкраінцы надзвычай высока цэняць тое, што многія беларусы салідарызуюцца з Украінай у яе барацьбе за незалежнасьць і дэмакратыю.
«Нездарма ў 2016 годзе ў Кіеве быў адкрыты памятны знак беларусам, якія загінулі за Украіну», — гаворыць ён і згадвае ў сувязі з гэтым імёны Міхася Жызнеўскага, які адным зь першых загінуў ад снайпэрскай кулі на Майдане, а таксама Алеся Чаркашына і Віталя Целяжэнкі, байцоў тактычнай групы «Беларусь», якія загінулі ў баі з расейскімі акупантамі на Данбасе.
«Што тычыцца афіцыйных дачыненьняў паміж Кіевам і Менскам, то яны, безумоўна, зьяўляюцца сяброўскімі. У той жа час, будзем шчырыя, поўная ліквідацыя згаданага вышэй бар’ера адчувальна тармозіцца тым, што цяпер ідзе менавіта той пэрыяд, калі Ўкраіна і Беларусь рухаюцца па розных палітычных вэктарах», — піша Клімкін. І дадае, што «вырашаць сваю будучыню, вядома ж, будуць самі беларусы».
У артыкуле Клімкін адзначае важную пасрэдніцкую ролю Беларусі ў спробах урэгуляваць расейска-ўкраінскі ваенны канфлікт на Данбасе, але гаворыць і пра праблемныя выпадкі ў адносінах і згадвае «дзёрзкае выкраданьне ў жніўні мінулага году расейскімі спэцслужбамі на тэрыторыі Беларусі 19-гадовага ўкраінца Паўла Грыба».
«Зрэшты, перакананы, што, нягледзячы на ўсе цяперашнія адрозьненьні ў палітычных курсах і ідэалягічных устаноўках, нягледзячы на небясьпекі, якія стварыла ў рэгіёне агрэсіўная і настойліва палітыка Расеі, Украіна і Беларусь маюць ня толькі агульную мінуўшчыну, але і агульную будучыню. І гэта будучыня — аб’яднаная дэмакратычная Эўропа. Бо лёгіку гісторыі не абысьці, урэшце яна заўсёды перамагае», — такімі словамі заканчвае артыкул міністар замежных спраў Украіны.
Артыкул цалкам можна прачытаць тут.