Раніцай 25 сакавіка на чыгуначнай станцыі ў Мар’інай Горцы затрыманы паэт і грамадзкі дзеяч Славамір Адамовіч, які плянаваў выехаць у Менск для ўдзелу ў сьвяткаваньні 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
«Адамовіч сядаў на электрычку, калі яго затрымалі і павялі ў міліцыю. Ён пасьпеў мне пра гэта паведаміць па тэлефоне», — распавяла БелаПАН сустаршыня руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая.
Яшчэ адзін грамадзкі актывіст з Мар’інай Горкі, Сяргей Мазур, не выключае, што яго таксама могуць затрымаць па дарозе ў Менск, дзе плянаваў прыняць удзел у афіцыйна дазволеным мітынгу і канцэрце ля Опэрнага тэатру. «Тэлефануе незразумела хто ў дамафон. Хутчэй за ўсё, хочуць затрымаць, каб мы зь дзіцем не патрапілі на сьвята», — распавёў Мазур карэспандэнту БелаПАН.
Менгарвыканкам дазволіў правесьці сьвяткаваньне юбілею БНР у форме мітынгу і канцэрта каля Опэрнага тэатра. Шэсьце ў цэнтры горада забаронена, але яго плянуюць правесьці апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч і ягоныя прыхільнікі, многія зь якіх ужо затрыманыя. Сам Статкевіч атрымаў па пошце адміністрацыйны пратакол за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі.