20 сакавіка на сустрэчы з моладзьдзю Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі неабходна ведаць, але ганарыцца тымі падзеямі ня варта, піша БЕЛТА.
Кіраўнік Беларусі сказаў, што падзеі тых часоў дагэтуль мала вывучаныя, а інфармацыя, якая існуе, супярэчлівая. На думку Лукашэнкі, дзеячы БНР былі гатовыя прасіць дапамогі ў каго заўгодна.
«У гісторыі любой дзяржавы былі розныя падзеі. Возьмем Нямеччыну. ... У іх была страшная падзея, якую будуць памятаць усе пакаленьні, — адтуль прыйшла вайна. Яны зьнішчылі мільёны ні ў чым не вінаватых людзей. Гэта Галакост ня толькі для габрэяў, але і для ўсяго сьвету, асабліва для нашага славянскага, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён зьвярнуў увагу, што прайшоў час і ў Нямеччыне ўжо не ганарацца гэтым пэрыядам у жыцьці краіны».
Лукашэнка заявіў, што ён прыхільнік сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі:
«Таму што гэта мая праца. Я як галоўны кіраўнік тут павінен забясьпечыць сувэрэнітэт і бясьпеку».
Лукашэнка сказаў, што загадаў кіраўнікам органаў улады ня ўмешвацца ў абмеркаваньне сьвяткаваньня 100 год БНР.
«Хай яны самі разьбяруцца. Хочуць яны каля Опэрнага тэатру — хай зьбіраюцца. Галоўнае, каб быў парадак і ніхто не крануў сам тэатар».
Пракамэнтаваў Лукашэнка і ідэю адзначыць Дзень Волі традыцыйным шэсьцем:
«Не патрэбныя нам сёньня гэтыя дэманстрацыі, вулічныя шэсьці. Не таму, што я іх баюся. Пройдуць па вуліцы, па Менску — перажывем. Але адзін раз, другі, трэці раз, а пасьля будзе як дваццаць гадоў таму».
2 сакавіка гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. На канцэрт і мітынг вядзецца народны збор грошай: на Talaka.by сабралі на момант публікацыі 98% неабходнай сумы. Заяўку на правядзеньне шэсьця ад плошчы Якуба Коласа да Опэрнага тэатру Менгарвыканкам адхіліў.