Беларускі экзархат Расейскай праваслаўнай царквы ня будзе праводзіць асобную малітву за Беларусь 25 сакавіка ў гонар 100 год Беларускай Народнай Рэспублікі, каб не палітызаваць малітву і набажэнства, заявіў на прэс-канфэрэнцыі 20 сакавіка мітрапаліт Павел.
«Мы за тое, каб малітва і набажэнства ніколі не палітызавалася. Вядома, можна выйсьці на нейкія пляцоўкі, на трыбуны, заклікаць людзей, але ў гэтым выпадку малітва будзе мець гвалтоўны характар», — пракамэнтаваў мітрапаліт Павел заклік каталіцкіх біскупаў маліцца за Беларусь 25 сакавіка.
Праваслаўны герарх адзначыў, што ў праваслаўных храмах малітва за Беларусь, яе правадыроў і воінаў праходзіць штодзённа раніцай і ўвечары, а ў манастырах — круглыя суткі. Таксама падчас кожнага набажэнства ў храмах Беларусі моляцца аб украінскім народзе, дадаў мітрапаліт Павел.
Як беларускія хрысьціяне адзначаць #БНР100
Каталіцкія біскупы Беларусі заклікалі маліцца 25 сакавіка за краіну і народ. Як менавіта гэта будзе адбывацца, кожны сьвятар мае вырашыць у сваёй парафіі: недзе заплянаваная асобная імша, недзе малітва за Беларусь будзе адным з заклікаў да вернікаў. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначаў сымбалічнасьць абвяшчэньня незалежнасьці БНР 25 сакавіка, што супадае з каталіцкім сьвятам Зьвеставаньня Пана.