Куды падзеўся зорны склад «Крумкачоў» узору 2015–2016 году і чаму каманда разгубляла гульцоў за апошні год.
«Выйдзем у Лігу чэмпіёнаў у 2017-м — раздадзім усе даўгі». Так казалі сузаснавальнікі футбольнага клюбу «Крумкачы» ў 2015-м, калі каманда выйшла ў Найвышэйшую лігу чэмпіянату Беларусі. Але сёньня клюб можа вылецець у Другую лігу. Куды падзеўся зорны склад «Крумкачоў» узору 2015–2016 году і чаму каманда разгубляла гульцоў за апошні час, высьвятляла Свабода.
Як было і што стала
Асацыяцыя «Беларуская фэдэрацыя футболу» адмовіла сёньня ў апэляцыі «Крумкачам» — адзінаму з 16 клюбаў у Найвышэйшай лізе, які ня мае дзяржаўных датацый. Гэта значыць, АБФФ пакідае ў сіле сваё папярэдняе рашэньне — не дапускаць «Крумкачоў» да ліцэнзаваньня ў гульні ў Найвышэйшай лізе. Прычын шмат. Сярод іх — сыстэматычныя парушэньні рэглямэнту і вялікія даўгі перад самой фэдэрацыяй, гульцамі і былымі супрацоўнікамі.
Кіраўнікі «Крумкачоў» ня бачаць важкіх падставаў, дзеля якіх клюб мусіў бы страціць месца ў футбольнай эліце. Яны кажуць, што ліцэнзіі іх пазбаўляюць з парушэньнем правілаў Фэдэрацыі, і выказваюць падазрэньні, што такім чынам «зачышчаецца» дарога для менскага «Тарпэда». Па выніках мінулага сэзону аўтазаводцы ня здолелі трапіць у мацнейшы дывізіён, заняўшы трэцяе месца ў першай лізе. Пры гэтым зь фінансаваньнем яны праблемаў ня мелі.
Дзяніс Шунто, заснавальнік клюбу, паведаміў парталу by.tribuna.com, што клюб будзе зьвяртацца ў Беларускі арбітражны камітэт. Калі ім ізноў адмовяць, максымум, на што могуць разьлічваць «Крумкачы», — гэта ўдзел у Другой лізе чэмпіянату Беларусі.
Зусім па-іншаму бачыла сваю будучыню кіраўніцтва клюбу два з паловай гады таму. У лістападзе 2015 году «Крумкачы» прабіліся ў Найвышэйшую лігу. Для прыватнага клюбу, створанага ў 2013-м, гэта быў сапраўдны трыюмф. Пра посьпех каманды пісалі ўсясьветныя мэдыі.
«Вось пішуць: навошта ў Вышэйшай лізе яшчэ адзін клюб з голым задам? — казаў у інтэрвію Свабодзе ў 2015 годзе сузаснавальнік каманды Васіль Глезаў. — А я кажу, што мы ня будзем там з голым задам. Мы там будзем або з грашыма, або ня будзем увогуле. Будзем праз два гады гуляць у Лізе чэмпіёнаў, я з прэміяльных усе даўгі вярну».
Першы сэзон у Найвышэйшай лізе быў сапраўды пасьпяховы. Першую палову чэмпіянату «Крумкачы» скончылі ўверсе турнірнай табліцы, яны запомніліся перамогай тытуляванага «Шахцёра» і разгромам «Дынама-Менск» зь лікам 4:1. Каманда падпісвала спонсарскія дамовы з буйнымі кампаніямі кшталту бровара «Крыніца» і Prestigio.
Але пасьля летняга перапынку каманда «зьдзьмулася». На хвалі мэдыйнасьці яна стварала інфанагоды і не давала забыцца пра сябе. Але спартовых посьпехаў апошнія паўтара года ў «Крумкачоў» не было. Да таго ж кіраўніцтва дагэтуль ня выплаціла многім гульцам заробкі за мінулы сэзон, застаюцца запазычанасьці перад БАТЭ і АБФФ. Каб уратаваць сытуацыю, «Крумкачы» нават абвяшчалі краўдфандынгавую кампанію.
Ад сярэдзіны 2017 году зорныя гульцы пачалі разыходзіцца. Свабода адсачыла, у якіх клюбах цяпер самыя вядомыя «крумкачы».
Алег Дулуб — БАТЭ
Гэты чалавек вывеў «Крумкачоў» у Найвышэйшую лігу. Дасьведчаны ў якасьці другога трэнэра «Дынама-Менск» і «Гомля», у 2015 годзе ён застаўся бяз працы і пагадзіўся кіраваць «Крумкачамі» ў сярэдзіне сэзону. На той час каманда боўталася ўнізе табліцы. З прыходам Дулуба «Крумкачы» пачалі рэгулярна выйграваць. Але пра шанцы на выхад у «вышку» ніхто сур’ёзна не казаў да апошніх тураў.
У 2016–2017 годзе Дулуб працаваў ва Ўкраіне. Спачатку ўратаваў львоўскія «Карпаты» ад вылету з Прэм’ер-лігі. Потым паехаў у адэскі «Чарнаморац», які падняў з апошняга 12-га месца на 9-е. Але праз рознагалосьсе з генэральным дырэктарам Дулуб разарваў кантракт і нават вярнуў усе заробленыя ў Адэсе грошы.
У студзені 2018 году Алега Дулуба запрасілі на пасаду галоўнага трэнэра ў барысаўскі БАТЭ. Ён замяніў Аляксандра Ермаковіча, пры якім БАТЭ пяць разоў станавілася чэмпіёнам Беларусі, двойчы выходзіла ў групавыя турніры Лігі чэмпіёнаў і аднойчы — Лігі Эўропы.
Шлях ад Першай лігі з «Крумкачамі» да самага тытуляванага клюбу краіны ў Алега Дулуба заняў два з паловай гады.
Філіп Іваноў — «Дынама-Менск»
Другое жыцьцё атрымаў у «Крумкачах» Філіп Іваноў. У 2009 годзе ён пачынаў у менскім «Дынама». Але за тры гады ў камандзе ён правёў толькі 5 афіцыйных матчаў. Потым было некалькі год у Першай лізе, адзін сэзон у Берасьці, адзін — у «Шахцёры». Іваноў ніколі ня быў гульцом асновы, пакуль ня трапіў у «Крумкачы» ў 2015-м. За першы год у камандзе ён забіў 14 галоў. Па выніку двух сэзонаў у Найвышэйшай лізе ён быў найлепшым бамбардзірам каманды.
Летам 2017-га разам зь яшчэ некалькімі гульцамі асновы Філіп Іваноў адмовіўся ехаць на матч у Віцебск. Гэта быў знак пратэсту супраць запазычанасьці кіраўніцтва па заробках. Ён быў сышоў з каманды, але потым вярнуўся і дагуляў сэзон у «Крумкачах». Іваноў запомніўся ня толькі голам у перамозе «Крумкачоў» над БАТЭ зь лікам 3:2, але і сваёй ацэнкай гэтай гульні.
«Здарылася гістарычная херня», — сказаў тады Іваноў пра перамогу над БАТЭ. На той час з «Крумкачоў» сышлі многія апорныя гульцы.
У лютым 2018 году «Дынама-Менск» падпісала кантракт з Івановым. Свой пераход ён назваў «вяртаньнем дамоў».
Аляксандар Бацішчаў — «Гомель»
Аляксандар Бацішчаў да 2014 году гуляў ва Ўкраіне. Потым правёў два сэзоны ў бабруйскай «Белшыне». У 2016 перайшоў у «Крумкачы». За ўдалую гульню на пачатку сэзону 2017-га яго наззывалі «спэцыялістам па прыгажосьці». Ён быў адным з самых выніковых футбалістаў першага кола. Але падчас летняга перапынку сышоў у «Гомель». Гэта ня самы зорны клюб Найвышэйшай лігі, але на сёньня ён больш стабільны за «Крумкачоў». Каманда скончыла чэмпіянат на 10-м з 16 месцаў. Бацішчаў згуляў амаль ва ўсіх матчах.
Яўген Шыкаўка — «Слуцак»
Як і Філіп Іваноў, Шыкаўка пачынаў з «Крумкачамі» яшчэ ў Першай лізе. 2015 год застаецца пакуль самым выніковым у ягонай кар’еры. Тады Шыкаўка забіў 16 галоў.
У Найвышэйшай лізе Шыкаўка выходзіў рэгулярна. Але, як і шэраг гульцоў, адмовіўся гуляць праз затрымку заробкаў у 2017-м. Перайшоў ён у «Слуцак».
Дзьмітры Яшын — армянскі «Гандзасар»
Дзьмітры Яшын гуляў у расейскім другім дывізіёне да 2016 году, пакуль яго не запрасілі ў «Крумкачы». Ён быў адным асноўным абаронцам каманды два сэзоны. Потым, як і многія, сышоў з клюбу празь нявыплату заробкаў.
Ад сярэдзіны 2017 году ён гуляе ў армянскай камандзе № 2 — «Гандзасар». Там ён таксама адразу стаў асноўным абаронцам. Перад зімовай паўзай згуляў у 14 матчах.
Вячаслаў Глеб — «Нёман»
Вячаслаў Глеб далучыўся да «Крумкачоў» у 2016 годзе ў якасьці зоркі. Тры сэзоны перад гэтым ён правёў у «Тарпэда-Жодзіна», другіх дывізіёнах Грэцыі і Нямеччыны. Глеб захапляўся падтрымкай, якую арганізавалі заўзятары «Крумкачоў».
Летась ён ня раз абураўся палітыкай, якую праводзіць кіраўніцтва клюбу. А заснавальніка Дзяніса Шунто ён назваў «балаболам» за тое, што доўга не выплачваў заробак.
У 2017 годзе Глеб перайшоў у гарадзенскі «Нёман».