«Гэта адраджэньне цікавасьці да Чэмпіянату Беларусі». «Крумкачы» прадставілі чарговага спонсара
Футбольны клюб «Крумкачы» прадставіў новага партнэра — кампанію CANYON. Пра сваё супрацоўніцтва кіраўнікі клюбу і кампаніі абвясьцілі сёньня.
У сьпісе партнэраў «Крумкачоў» — чарговая вялікая кампанія. Дагэтуль на майках гульцоў былі напісаныя назвы «Крыніца» і «Kufar» — футбольны клюб падпісаў зь імі кантракты ўвесну. Цяпер да іх дадалася кампанія Asbis — афіцыйны дыстрыбʼютар у Беларусі прадукцыі CANYON, вытворцы аксэсуараў для ПК і мабільных прыладаў.
«Тое, што адбылося ў беларускім футболе дзякуючы ФК „Крумкачы“ — гэта адраджэньне цікавасьці да Чэмпіянату Беларусі, — сказала намесьніца дырэктара „Asbis“ па маркетынгу Валянціна Гурына. — Упершыню за доўгі час на тое, што адбываецца ў чэмпіянаце краіны, зьвяртаюць увагу ня толькі спэцыялісты па футболе і спартовыя медыі зь іхняй аўдыторыяй, але й шырокія пласты насельніцтва, часта далёкія ад спорту ў цэлым».
У сваю чаргу, Дзяніс Шунто, старшыня праўленьня клюбу «Крумкачы», адзначыў, што клюб сапраўды цікавы для бізнэсу.
«Колькасьць людзей, якія прыходзяць на нашы матчы, высокі інтарэс да інтэрнэт-трансьляцыяў, — усё гэта кажа пра тое, што ў нас становіцца ўсё больш і больш заўзятараў, а значыць, мы яшчэ больш цікавыя бізнэсу, які можа разглядаць нас як партнэраў», — сказаў Шунто.
Менавіта да фінансавай часткі «Крумкачоў» былі прэтэнзіі ў Беларускай асацыяцыі футболу ў міжсэзонны пэрыяд. Аднак затрымак з заробкамі ў клюбе няма, як ня раз адзначала кіраўніцтва «Крумкачоў».
Пасьля адзінаццаці тураў «Крумкачы» ідуць у турнірнай табліцы на другім месцы пасьля БАТЭ. Гэта найлепшы вынік сярод дэбютантаў Вышэйшай лігі за апошнія 20 год.
Чарговая гульня «Крумкачоў» будзе ў сераду, 15 чэрвеня. Менскі клюб сустрэнецца з самай моцнай беларускай камандай — БАТЭ — у Барысаве.