У ЗША занепакоеныя нападамі сіл Асада на паўстанцкі анкляў ва Ўсходняй Гуце. А Расея ўхваліла напады

Сырыйскія дзеці ў імправізаваным шпіталі пасьля авіяўдараў па сырыйскай вёсцы Мэсраба ва Ўсходняй Гуце. 19 лютага 2018 году

Злучаныя Штаты «глыбока занепакоеныя» ўсплёскам нападаў праўрадавых сырыйскіх сіл і іх саюзьнікаў на паўстанцкі анкляў у прыгарадзе Дамаску, гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамэнту ЗША.

«Спыненьне гвалту ў рэгіёне Ўсходняя Гута павінна пачацца ўжо цяпер», — заявіла 20 лютага прэс-сакратарка Дзярждэпартамэнту Гэзэр Наўэрт.

Яна назвала дзеяньні сіл, якія падтрымліваюць рэжым прэзыдэнта Сырыі Башара аль-Асада, «тактыкай аблогі і голаду».

Расея падтрымала ўдары па Ўсходняй Гуце

Масква ўхваліла ўдары сырыйскіх і расейскіх самалётаў па прыгарадзе Дамаска, Усходняй Гуце.

«У адпаведнасьці зь дзейнымі пагадненьнямі, барацьба з тэрарызмам нічым ня можа быць абмежаваная», — заявіў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у Маскве 20 лютага.

Ён сьцьвярджае, што ва Ўсходняй Гуце хаваюцца баевікі ісламісцкай групы «Ан-Нусра», якая зьяўляецца часткай «Аль-Каіды» і прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй. Лаўроў абвінаваціў «Ан-Нусра» у «правакацыях», уключаючы напад на амбасаду Расеі і гандлёвую місію гэтай краіны ў Дамаску. Расейскі міністр таксама дадаў, што Расея і Сырыя змогуць выкарыстоўваць свой вопыт баявых дзеяньняў у горадзе Алепа для дзеяньняў супраць баевікоў ва Ўсходняй Гуце.

За апошнія два дні ў рэгіёне загінулі сама меней 250 чалавек

Арганізацыя «Сырыйская абсэрваторыя па правах чалавека», якая базуецца ў Лёндане, заяўляе, што за апошнія два дні праз авіяўдары і ракетныя абстрэлы ў рэгіёне загінулі сама меней 250 чалавек.

Сырыйскія СМІ паведамілі, што пад абстрэламі ва ўсходніх раёнах Дамаску загінулі мінімум 6 чалавек.

Рэгіянальны каардынатар ААН па сырыйскім крызісе Панас Мумцыс заявіў, што за апошнія два дні ва Ўсходняй Гуце пацярпелі шэсьць шпіталяў, прынамсі тры зь іх не працуюць, а два функцыянуюць толькі часткова.

ААН заяўляе, што гуманітарная сытуацыя ў рэгіёне «выйшла з-пад кантролю» і заклікае да спыненьня агню, каб дапамагчы бедным і эвакуяваць сотні цяжкахворых і параненых.

Паводле ААН, у раёне Ўсходняй Гуты, што знаходзіцца ў аблозе ўрадавых сіл, жыве каля 400 тысяч чалавек.

Ад авіяўдараў у Сырыі з пачатку лютага загінулі больш за 1000 мірных жыхароў