23 студзеня Горацкі раённы суд разгледзеў скаргу Міхаіла Жамчужнага адразу на тры пакараньні карцэрам, якія былі накладзеныя на яго ў жніўні 2017 году. Тады вязень Горацкай калёніі Міхаіл Жамчужны, адбыўшы 7 дзён у карцэры, атрымаў наўздагон яшчэ 10 і зноў 7 сутак.
«Натуральна, што зноў адмовілі ў задавальненьні скаргі. Зроблена хутка, з фармулёўкай, што нібыта пакараньні былі дакладныя, хоць паводле закону вязень не павінен адбываць адразу больш за 10 дзён у карцэры», — кажа пра справу Міхаіла Жамчужнага праваабаронца Андрэй Бандарэнка.
Паводле зьвестак, якія атрымаў Андрэй Бандарэнка, адмова не спыніла Міхаіла Жамчужнага ў ягоных спробах абскарджваць усе пакараньні, якія ён атрымаў у Горацкай калёніі.
«Будзе падаваць новыя скаргі, спачатку ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС, потым, калі не дапаможа, у суд», — сказаў Андрэй Бандарэнка.
Усяго ў 2017 годзе Міхаіл Жамчужны адбыў у карцэрах каля 100 сутак, пры гэтым за год ён зьмяніў тры калёніі.
Калі ў калёніях у Навасадах і Ваўкавыску вязьня каралі за пыл на тумбачцы, за вынесены са сталовай кавалак хлеба ці іншыя «бытавыя» парушэньні, дык у Горацкай калёніі караюць за адмову знаходзіцца ў адным атрадзе зь вязьнямі зь «нізкім статусам». У гэтай калёніі адносна Міхаіла Жамчужнага была распаўсюджаная ілжывая інфармацыя пра ягоную нібыта прыналежнасьць да вязьняў «зь нізкім статусам», што ён лічыць правакацыяй і адмаўляецца падпарадкоўвацца загаду адміністрацыі разьмясьціцца ў адпаведным атрадзе.
Злачыннасьць падае, а колькасьць зьняволеных расьце — «Вясна» падрыхтавала агляд становішча ў беларускіх вязьніцах
Са жніўня 2017 году Міхаіла Жамчужнага каралі ўжо 14 разоў, усе пакараньні ён спрабуе абскардзіць.
«Пачатак студзеня Міхаіл Жамчужны зноў сустрэў у карцэры, цяпер да 8 лютага будзе ў ПКТ — гэта памяшканьне камэрнага тыпу, дзе ён таксама ў ізаляцыі, але там крыху рэжым слабейшы. Ня выключана, што пасьля ПКТ яго зноў адправяць у карцэр, бо ён не саступае. На заяву Жамчужнага аб тым, каб яму запэўнілі бясьпеку, пакуль адміністрацыя рэагуе толькі ізаляцыяй у розных варыянтах», — кажа Андрэй Бандарэнка.
15 студзеня «Нью Плятформа інавэйшн», «Прававая дапамога насельніцтву», «ТаймАкт», форум «За волю» ды іншыя праваабарончыя арганізацыі і ініцыятывы накіравалі ліст у падтрымку Міхаіла Жамчужнага спэцдакладчыку ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклашу Харасьці, а таксама ў прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі ды шэраг амбасадаў краін Эўразьвязу ў Менску.
«На ўсе нашы звароты ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС, пракуратуру ды іншыя наглядныя органы мы атрымліваем фармальныя адказы, што ня маем права абараняць Міхаіла Жамчужнага. Мы заклікаем вас зьвярнуць асаблівую ўвагу на сытуацыю зь Міхаілам Жамчужным і зьвярнуцца да афіцыйных уладаў Беларусі з патрабаваньнем спыніць адносна яго катаваньні, жорсткае, бесчалавечнае і прыніжальнае для чалавечага гонару абыходжаньне», — заклікаюць праваабаронцы ў сваім звароце.
Былы выкладчык, заснавальнік праваабарончай установы «Плятформа інавэйшн» Міхаіл Жамчужны асуджаны на 6,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў спробе атрымаць зьвесткі, якія прызнаныя службовай таямніцай, і спробу даць хабар супрацоўніку міліцыі. Міхаіл Жамчужны сваёй віны не прызнаў і працягвае абскарджваць прысуд. Беларускія праваабаронцы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем і патрабуюць перагляду ягонай справы ў адкрытым працэсе.