Такую лічбу назваў Свабодзе лідэр незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзь Фядыніч.
Ён удакладніў, што раней па крымінальнай справе Сьледчы камітэт апытваў толькі актывістаў зь Менску:
«Але апошнім часам сьледчыя пачалі масавым парадкам выцягваць нашых людзей з рэгіёнаў, шараговых сябраў прафсаюзу. Рэгіянальныя падразьдзяленьні Сьледчага камітэту падключыліся да справы. Нас папрасілі даць дадзеныя на чальцоў прафсаюзу. Мы адмовіліся. Але ў нас жа канфіскавалі кампутары. І, мабыць, адтуль і ўзялі нашу базу дадзеных. Яна там састарэлая. Падаецца, што якраз ёй і карыстаюцца», — кажа Фядыніч.
Ён кажа, што гэта робіцца дзеля таго, каб запалохаць сябраў прафсаюзу і дыскрэдытаваць незалежныя прафсаюзы, зьнізіць іхную актыўнасьць.
Фядыніч заўважае: набліжаецца час, да якога гэтая справа працягнутая, — 2 лютага. Таму сьледчыя, лічыць ён, і сьпяшаюцца. Дагэтуль прафсаюзам не вярнулі ні кампутары, ні мабільныя тэлефоны, ні дакумэнты, забраныя падчас ператрусу. «І гэта, безумоўна, перашкаджае нам працаваць», — кажа лідэр прафсаюзу РЭП.
Сёньня прэзыдыюм незалежнага прафсаюзу аднагалосна прыняў заяву, у якой папярэджвае ўладу, што такія паводзіны сьледчых нэгатыўна паўплываюць на імідж Беларусі. Прафсаюз вырашыў праінфармаваць пра цяперашнюю сытуацыю шэраг міжнародных арганізацый.
Як пачыналася справа
2 жніўня 2017 году Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю правёў ператрусы ў офісе РЭП, а таксама дома ў старшыні прафсаюзу Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгальтара Ігара Комліка. Затым было абвешчана, што ў дачыненьні да абодвух заведзена крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 243 (ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Ігар Комлік правёў за кратамі два месяцы, Генадзь Фядыніч цяпер пад падпіскай аб нявыезьдзе. Абодва лічаць сябе невінаватымі і выплачваць налічаныя ім падаткі не зьбіраюцца.Сьледчы камітэт працягнуў справу прафсаюзных лідэраў да 2 лютага 2018 году.