ІІІ зьезд аб’яднаньня «Белая Русь» чакаўся палітызаванай публікай з той прычыны, што анансавалася прысутнасьць на ім Аляксандра Лукашэнкі. І гэта павінна было азначаць, што арганізацыя памяняе статус, ператворыцца ў партыю. Аднак нічога не адбылося. Лукашэнка прыслаў толькі прывітаньне.
«Белая Русь» была створаная ў 2007 годзе. Мінула дзесяць гадоў. І тое пытаньне, якое задавалі экспэрты з самага пачатку, застаецца актуальным і дасюль: навошта? Дзеля чаго?
Лукашэнка назваў «Белую Русь» «стаўпом грамадзянскай супольнасьці». А што гэта наагул такое?
Тады, дзесяць гадоў таму, многія аглядальнікі пасьпяшаліся параўнаць «Белую Русь» з пуцінскай «Единой Россией», то бок разглядалі яе як новы мэханізм утрыманьня ўлады. Аднак гэтыя паралелі чыста вонкавыя. Бо ў Беларусі і Расеі розныя мадэлі аўтарытарызму, а значыць, і розныя спосабы іх легітымізацыі.
Бацька нацыі апэлюе непасрэдна да народу і атрымлівае ад яго санкцыю на вечнае панаваньне без усялякіх пасярэднікаў у выглядзе парлямэнту, партый, прафсаюзаў ды іншых элемэнтаў палітычнай сыстэмы.
У Беларусі зацьвердзілася патрыярхальная мадэль, якая складаецца па вялікім рахунку з двух суб’ектаў: правадыр і народ. Бацька нацыі апэлюе непасрэдна да народу і атрымлівае ад яго санкцыю на вечнае панаваньне без усялякіх пасярэднікаў у выглядзе парлямэнту, партый, прафсаюзаў ды іншых элемэнтаў палітычнай сыстэмы. (Фармальна, вядома, яны ёсьць, але іх значэньне набліжаецца да нуля). У такой мадэлі руцінную функцыю «партыі ўлады» эфэктыўна выконвае кіраўнічая вэртыкаль. І нейкая фармалізаваная кіроўная партыя ня толькі не патрэбная, а нават шкодная — бо зводзіць вобраз народнага правадыра да лідэра хай і вельмі масавай, але ўсяго толькі адной партыі.
Акрамя таго, кіроўная партыя патрэбна для ўтрыманьня ўлады ва ўмовах прапарцыйнай выбарчай сыстэмы, якая існуе, напрыклад, часткова ў Расеі, пры якой выбарнікі галасуюць не за канкрэтнага кандыдата (як пры мажарытарнай сыстэме), а за палітычную арганізацыю.
У Беларусі дзейнічае мажарытарная выбарчая сыстэма, якая за многія гады прадэманстравала сваю высокую эфэктыўнасьць у тым сэнсе, што нязьменна дае патрэбны ўладам вынік. І мяняць яе ніхто не зьбіраецца. Сапраўды, навошта ламаць тое, што добра працуе?
Тады навошта створаная «Белая Русь»? Сам Лукашэнка яшчэ да ўстаноўчага зьезду гэтага аб’яднаньня некалькі разоў расказваў, што некаторыя людзі зь ягонага атачэньня прапануюць яму сфармаваць «партыю ўлады». Калі б гэта быў рух зьнізу, з народу, разважаў кіраўнік дзяржавы, то, магчыма, ён бы і пагадзіўся, але паколькі гэты праект будуць ствараць чыноўнікі, то гэта ператворыцца ў яшчэ адну бюракратычную структуру. Як у ваду глядзеў. Менавіта так і адбылося.
Праўда, у вітаньні дэлегатам зьезду Аляксандар Лукашэнка, выконваючы патрэбны рытуал, кажа іншае: «Створаная з народнай ініцыятывы, „Белая Русь“ стала па-сапраўднаму масавым рухам, адным са стаўпоў грамадзянскай супольнасьці, ядром здаровых і канструктыўных сілаў нашай краіны».
Але ўсім відавочна, што гэта руціннае начальніцкае рукатворнае, а не жывая творчасьць мас.
Дасюль улады самі ня маюць адказу на пытаньне, навошта створаная гэтая арганізацыя і што зь ёй рабіць.
Самае сьмешнае ва ўсім гэтым тое, што дасюль улады самі ня маюць адказу на пытаньне, навошта створаная гэтая арганізацыя і што зь ёй рабіць. Гэта такі своеасаблівы чамадан бяз ручкі: яго і несьці цяжка, і кінуць шкада.
Калісьці Лукашэнка, выступаючы перад расейскімі журналістамі, крытыкаваў зьезд «Адзінай Расеі», казаў, што ён падобны на нядобрай памяці зьезды КПСС. Чарговы ІІІ зьезд «Белай Русі» нават да такога параўнаньня недацягвае. Атрымалася нудная бюракратычная тусоўка, танная бутафорыя, нязграбная пародыя на народнае прадстаўніцтва.
У афіцыйных дакумэнтах гэтага аб’яднаньня гаворыцца, што яно ствараецца для падтрымкі палітыкі прэзыдэнта. Аднак ужо вельмі хісткая атрымалася канструкцыя, каб яна магла кагосьці падтрымліваць. Бо на балота абапірацца нельга, нават калі яно вельмі вялікае.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.