Злачыннасьць падае, а колькасьць зьняволеных расьце — «Вясна» падрыхтавала агляд становішча ў беларускіх вязьніцах

Агляд «Рэспубліка Беларусь: месцы зьняволеньня» быў прадстаўлены 18 студзеня ў менскім Прэс-клюбе.

Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка, які рыхтаваў агляд, сказаў на прэзэнтацыі, што падсумаваў вынікі маніторынгу месцаў зьняволеньня з 2010 году. У канцы агляду выкладзеныя рэкамэндацыі праваабаронцы, як паправіць сытуацыю. Пры гэтым былы адвакат Павал Сапелка сказаў:

«Пераканаўся, што шмат якія праблемы пэнітэнцыярнай сыстэмы Беларусі носяць непапраўны характар з прычыны цяперашняга заканадаўства, якое патрабуе кардынальных зьменаў».

Акрамя вынікаў маніторынгу, статыстыкі, фактычных зьвестак і парадаў агляд зьмяшчае выклад гучных «кейсаў», якія выразна дэманструюць сытуацыю з правамі вязьняў у беларускіх вязьніцах.

Колькі ў Беларусі зьняволеных і колькі тых, хто пабываў у няволі?

Аказваецца, ёсьць розьніца.

На 1 кастрычніка 2017 году ў Беларусі было 33 400 зьняволеных. Гэта ўключна зь вязьнямі калёній, турмаў і сьледчых ізалятараў. Але без уліку 6800 чалавек, якіх трымалі ў ЛПП (лячэбна-працоўных прафілякторыях), 3,5 тысячы «хімікаў» і 7 тысяч асуджаных да адміністрацыйнага арышту, дзе ўмовы таксама «ня цукар». Калі падсумаваць, дык выйшла, што на працяглы тэрмін у Беларусі цягам 2017 году абмяжоўвалі волю 45 тысячам грамадзян.

Паводле падлікаў праваабаронцаў, на 100 тысяч жыхароў у Беларусі было 362 зьняволеных, і па гэтым паказчыку ў Эўропе нашу краіну пераўзышла толькі Расея, дзе больш за 400 зьняволеных на 100 тысяч жыхароў. Для параўнаньня: ва Ўкраіне — 167, у Літве — 254, у Латвіі — 224 вязьні на 100 тысяч жыхароў.

Праваабаронцы «Вясны» мяркуюць, што да колькасьці зьняволеных у Беларусі трэба далучыць і вязьняў ЛПП ды ўстаноў адукацыі закрытага тыпу. Умовы ў гэтых месцах праваабаронцы прыроўніваюць да пазбаўленьня волі, і пры тым адзначаюць, што гэтыя людзі не ўчынілі ніякага злачынства.

Назваў Павал Сапелка і такую тэндэнцыю: за час маніторынгу месцаў пазбаўленьня волі, з 2010 году, колькасьць злачынстваў у Беларусі зьменшылася амаль на 30%, а вось колькасьць тых, каго трымалі ў СІЗА, фактычна не зьмянілася.

Высновы аўтараў агляду

Аўтары агляду «Рэспубліка Беларусь: месцы несвабоды» зрабілі выснову, што вязьні ў Беларусі часта ўтрымліваюцца ў непрымальных умовах з прычыны нізкай якасьці харчаваньня альбо недахопу харчоў, цеснаты, непавагі да асобы, невыкананьня санітарных нормаў і адсутнасьці бясьпекі.

У месцах зьняволеньня зафіксаваныя катаваньні, факты бесчалавечнага і прыніжальнага абыходжаньня, неаказаньня мэдычнай дапамогі, кажуць праваабаронцы. Таксама, на думку «Вясны», парушаюцца палітычныя правы зьняволеных. Прыклад — пазбаўленьне права галасаваць для вязьняў сьледчых ізалятараў.

Парушэньні правоў вязьняў маглі б тэрмінова выпраўляць пракуратура і Сьледчы камітэт, на якія ўскладзеныя функцыі кантролю і расьсьледаваньня. Але, на думку праваабаронцаў, гэтыя ўстановы з такой задачай не спраўляюцца.

Удзельнік прэзэнтацыі праваабаронца Сяргей Усьцінаў падзяліўся назіраньнем. Шмат у якіх калёніях, кажа ён, нядаўна зьявіліся аб’явы, на якіх пазначаны нумар тэлефону даверу пракуратуры. Вязьням прапануюць званіць туды і паведамляць пра парушэньні сваіх правоў. Абяцаюць, што пракуроры тэрмінова прыедуць і правераць сыгнал. Сяргей Усьцінаў гэтае новаўвядзеньне высьмеяў:

«Каб атрымаць дазвол на званок, вязень мусіць падаць заяву, у якой пазначыць, каму ён будзе званіць і зь якой прычыны. Пасьля такой заявы яе аўтар гарантавана трапіць у карцэр, што і адбываецца», — кажа Сяргей Усьцінаў з арганізацыі «Праваабаронцы супраць катаваньняў».

Чаму ў вязьняў самыя нізкія ў краіне заробкі?

Аўтары агляду адзначылі, што беларускімі законамі замацаваная дыскрымінацыя вязьняў у некаторых сфэрах, і прывялі прыклады.

«Усім працоўным закон гарантуе 24 дні адпачынку, а зьняволеным — удвая менш. З той жа прычыны выплату абавязковага мінімальнага заробку вязьням, якія працуюць у калёніях, закон не гарантуе, чым карыстаецца адміністрацыя. Адсюль мы бачым гэтыя дзіўныя заробкі — некалькі рублёў на месяц», — сказаў на прэзэнтацыі агляду Павал Сапелка.

Што прапануюць праваабаронцы?

  • Заканадаўцам прапанавана зьвярнуць увагу на недахопы ў законах, якія забясьпечваюць правы вязьняў, і ўнесьці адпаведныя зьмены. У тым ліку праваабаронцы патрабуюць ліквідаваць дыскрымінацыю вязьняў у працоўнай і сацыяльнай галінах.
  • Што да катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня зь вязьнямі — а такія факты, паводле праваабаронцаў, адбываюцца сыстэматычна, — да іх праверкі прапануецца ўвесьці больш жорсткія патрабаваньні.
  • Аўтары «Агляду» лічаць, што ўстановы пэнітэнцыярнай сыстэмы павінны падпарадкоўвацца не Міністэрству ўнутраных спраў, а Міністэрству юстыцыі, інакш немагчыма аддзяліць крымінальны перасьлед ад выкананьня пакараньня і перавыхаваньня злачынцаў.
  • Трэба рэальна забясьпечыць правы вязьняў на дасяжную юрыдычную і дасудовую дапамогу, мяркуюць праваабаронцы.
  • Праваабаронцы «Вясны» настойваюць і на тым, што інстытут лячэбна-працоўных прафілякторыяў неабходна ліквідаваць.

Грамадзкі кантроль за сытуацыяй у вязьніцах прызнаны неэфэктыўным

Павал Сапелка

Аўтары маніторынгу зрабілі выснову, што грамадзкі кантроль за месцамі несвабоды ў Беларусі ў цяперашнім выглядзе зусім неэфэктыўны. «Вясна» прапануе ўдасканаліць грамадзкі кантроль праз пашырэньне паўнамоцтваў сябраў грамадзкіх камісій. Вось што сказаў пра іх цяперашнія паўнамоцтвы Павал Сапелка:

«Пакуль кантралёры нават ня могуць рабіць у калёніях фота- і відэаздымкі, ім не дазваляюць прымаць скаргі ад вязьняў пры наведваньні месцаў зьняволеньня».

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак, які ўваходзіць у рэспубліканскую грамадзкую камісію па назіраньні за сытуацыяй у вязьніцах пры Міністэрстве юстыцыі, выказаўся за адмысловую падрыхтоўку сябраў падобных камісій, каб павысіць іх кампэтэнтнасьць. «Пакуль эфэктыўнымі гэтыя камісіі не былі», — прызнаў Алег Гулак.

Асобная прапанова — страхаваньне жыцьця зьняволеных

Жонка вязьня Пятра Кучуры Людміла 13 гадоў вядзе змаганьне за перагляд справы мужа, якога, як лічыць, асудзілі за забойства несправядліва. Людміла Кучура расказала пра атручэньне яе мужа ў вязьніцы парамі хлёру.

«Муж цудам выжыў, потым гэта прызналі, але адразу пасьля здарэньня правяраючы з пракуратуры паведамляў у адказе, што муж нібыта цалкам здаровы! Вось цана пракурорскіх праверак, на якія прапануюць спадзявацца вязьням», — сказала Людміла Кучура і пералічыла вязьняў, якія памерлі ў зьняволеньні за апошнія гады. Сярод іх і Алег Багданаў, які хварэў на сэрца і пазалетась памёр у Жодзінскай турме № 8, бо яму не аказалі мэдычнай дапамогі. Людміла Кучура прапанавала заканадаўцам Беларусі прадугледзець абавязковае страхаваньне жыцьця вязьняў.

Афіцыйны камэнтар: «З вамі гаварыць ня буду»

Карэспандэнт Свабоды паспрабаваў атрымаць камэнтар да высноваў, зробленых аўтарамі агляду «Рэспубліка Беларусь: Месцы несвабоды», у намесьніка старшыні камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Сяргея Бобрыкава. Карэспандэнт толькі пасьпеў спытаць дэпутата пра яго стаўленьне да замацаванай законамі дыскрымінацыі беларускіх вязьняў у працоўнай і сацыяльнай сфэрах, як атрымаў хуткі адказ:

«Вы парушаеце закон аб сродках масавай інфармацыі, таму адмаўляюся з вамі гаварыць».

Спробы ўдакладніць, у чым менавіта парушаны закон аб СМІ, не ўдаліся, і спадар Бобрыкаў паклаў слухаўку.

Атрымаць камэнтар у Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС таксама не ўдалося.

Праваабаронца Гарачка, якая не падала рукі Лукашэнку, расказвае пра свае 15 сутак на Акрэсьціна