Суд у Гомлі: сем міліцыянтаў паехалі затрымліваць падазраванага, трое атрымалі нажавыя раненьні

Андрэй Рабешка ў судзе за бранявым шклом

Разгляд гучнай крымінальнай справы Андрэя Рабешкі ў Гомельскім абласным судзе пачаўся з заявы абвінавачанага, што старшынюючы на працэсе Іван Котаў зацікаўлены ў вынясеньні жорсткага прысуду.

Крадзеж на 1356 рублёў

Як вынікае з абвінавачаньня, Рабешка ў змове з Аляксандрам Падабедавым скралі ў жыхара Мазыра Ігара Крыўчыка паўаўтаматычны зварачны апарат і мыйку высокага ціску — агулам на 1356 рублёў. Падабедаў таксама прыцягваецца да адказнасьці, але толькі за крадзеж. А Андрэй Рабешка — за крадзеж і спробу забойства міліцыянтаў пры выкананьні імі службовых абавязкаў, бо нанёс супрацоўнікам АМАПу — прапаршчыку Мадзянкову і старшыне Юрчанку, а таксама старшаму лейтэнанту Чаплыгіну — цяжкія раненьні.

Начны вобшук, які не адбыўся

Здарылася гэта глыбокай ноччу 30 красавіка. Прыкладна паміж трэцяй і чацьвёртай гадзінай, сямёра супрацоўнікаў міліцыі з Гомля прыехалі ў прыватны сэктар Мазыра на вуліцу Алега Кашавога, каб правесьці вобшук у домаўладаньні Алены Страхі, грамадзянскай жонкі Рабешкі, дзе знаходзіўся на той час і Андрэй.

«Чаму па факце крадзяжу, які адносіцца да няцяжкіх злачынстваў, вобшук праводзіўся ноччу?» — гэтае пытаньне цікавіла і абвінавачаньне ў асобе пракурора Курбацкай, і адваката Змушку, і самога адказчыка — Андрэя Рабешку.

На першым пляне — пацярпелыя міліцыянты ў цывільным

Пацярпелы старшы лейтэнант Дзяніс Чаплыгін, якога Рабешка параніў у ягадзіцу, патлумачыў, што рашэньне прымалася ягоным начальствам, а кіраваў апэрацыяй старшы опэрупаўнаважаны УБАЗ Валасевіч.

На тэрыторыю сядзібы Алены Страхі яны прабраліся праз агароджу, вышынёй 180–190 сантымэтраў.

«Мы мелі права гэта зрабіць, бо была пастанова сьледчага на правядзеньне вобшуку і затрыманьне Рабешкі. Пастановы я ня бачыў, бо гэтым усім займаўся Валасевіч. Сказаў, што ёсьць пастанова. Есьць дык ёсьць — трэба выконваць», — сьведчыў у судзе Дзяніс Чаплыгін.

Паводле сьведкі, ён з падпалкоўнікам Асташовым прабраліся на ўчастак праз агароджу з тылу. Як адчынілі брамку Жук і амапаўцы, ня ведае. Дзейнічаючы па легендзе, супрацоўнік міліцыі ў цывільным Жук пастукаў у шыбы вэранды:

«Гаспадар, выйдзі, мы тваю машыну зачапілі».

Машына Рабешкі стаяла ў тупіковым завулку па-за агароджай сядзібы.

Хвілін празь пятнаццаць у доме запалілі сьвятло. Рабешка выйшаў на ганак, за ім жонка Алена.

Супрацоўнік міліцыі Жук, паводле пацярпелага афіцэра, пачаў расказваць Андрэю легенду з машынай. І калі яны дайшлі да брамкі, то з-за вэранды выскачылі супрацоўнікі АМАПу і з воклічамі: «Стаяць, міліцыя!» кінуліся затрымліваць Рабешку.

Барацьба нібыта працягвалася ў завулку, і ўжо там Рабешка нанёс сама меней пяць удараў нажом прапаршчыку Медзянкову, у тым ліку ў жывот, і два ўдары старшыне Юрчанку — у грудзі і бок.

«На крыкі „ой“, „ай“ я выбег з двара на вуліцу. Там убачыў, што Юрчанка сядзіць на Рабешку, трымае яго абедзьвюма рукамі, а той б’е яго нажом у грудзі — туды, дзе сэрца. Я кінуўся на дапамогу, каб адабраць нож і зафіксаваць затрыманьне. Размахваючы, Рабешка і мне нанёс удар у правую ягадзіцу», — паказваў у судзе старшы лейтэнант Чаплыгін.

Суд, як і адвакатка Рабешкі, высьвятлялі, дзе знаходзіўся кожны зь сямі міліцыянтаў, якія прыехалі на затрыманьне.

Як тлумачыў Чаплыгін, падпалкоўнік Асташоў паказваў жонцы Рабешкі міліцэйскае пасьведчаньне. Супрацоўніка міліцыі Жука ён убачыў ззаду ад сябе, калі яны ўжо ўдваіх з параненым Юрчанкам надзелі кайданкі Рабешку.

Кіраўнік апэрацыі Валасевіч быў на вуліцы каля службовай машыны.

І суд, і абарону цікавіла: чаму супрацоўнікі міліцыі, праводзячы апэратыўнае затрыманьне, былі ў цывільным, ня мелі ахоўных бронекамізэлек? Бо адразу пасьля інцыдэнту ў Мазыры абласная міліцыя паведамляла, што там затрыманы 30-гадовы небясьпечны рэцыдывіст.

«Кіраўніцтва вырашае, як дзейнічаць, — казаў у судзе Чаплыгін. — Што да супрацоўнікаў АМАПу, то яны былі ў чорных форменных куртках і штанах, але без пагонаў і шаўронаў. А легенда выпрацоўвалася гадамі».

«Дзейнічалі, як начныя разбойнікі»

Алена Страха, грамадзянская жонка Рабешкі. За ёй — вэранда і месца барацьбы з міліцыянтамі

Тым часам грамадзянская жонка Рабешкі Алена Страха неўзабаве пасьля інцыдэнту расказала журналістам, што міліцыянты дзейнічалі «як начныя разбойнікі». Забраліся ў двор, барабанілі ў вокны. Выходзячы ў двор, Андрэй і захапіў з сабою незаўважна для яе нож. І калі муж кіраваўся на брамкі, яна й крыкнула: «Андруша, ззаду!». Уся барацьба адбылася ў двары, а ў завулку міліцыянты Андрэя проста зьбівалі.

На крыкі выбег сусед, стаў пытацца ў Алены, хто такія арудуюць у сядзібе. Яна, плачучы, адказвала: «Ня ведаю». І ўжо на патрабаваньне суседа начныя нападнікі адазваліся: «Міліцыя». Адзін зь іх і паказаў пасьведчаньне.

Віны не прызнаюць

Ні Андрэй Рабешка, ні Аляксандар Падабедаў віны сваёй не прызналі.

«Дык крадзяжу не было», — заявіў у перапынку абвінавачаны ў крадзяжы электразварачнага апарата Падабедаў.

Адвакатка Рабешкі спадарыня Змушка лічыць, што Андрэй толькі абараняўся ад невядомых яму нападнікаў і бараніў сваю сям’ю. І абвінавачваць яго ў забойстве, не даведзеным да канца, няма падставаў.

Маці абвінавачанага Ева Рабешка, якая прысутнічала на судзе, кажа, што перад абвешчаным у краіне скарачэньнем міліцэйскіх шэрагаў гомельскія міліцыянты дэманстравалі ў Мазыры сваю актыўную барацьбу з арганізаванай злачыннасьцю.

«Хацелі адзначыцца, таму й прыехалі ноччу», — кажа пэнсіянэрка Рабешка.

31-гадовы Андрэй Рабешка нарадзіўся і вырас у Мазыры, займаўся ў школе алімпійскага рэзэрву клясычнай барацьбой. Зьяжджаў у Нямеччыну, дзе, паводле ягонай заявы ў судзе, мае рэгістрацыю з пэрспэктывай атрымаць від на жыхарства. Сказаў таксама, што па малалецтве адбыў у калёніі шэсьць з паловай гадоў.

17 сьнежня Гомельскі абласны суд працягне разгляд крымінальнай справы Андрэя Рабешкі і Аляксандра Падабедава.