«Мы нічога ня ведалі пра забойства ягняці». Удзельнік акцыі ў Асьвенціме кажа, што яго падманулі

Брама канцэнтрацыйнага лягеру ў Асьвенціме

«Пра забіцьцё ягняці ведалі толькі дзьве асобы. Імя і прозьвішчы ўжо пададзеныя ў беларускіх СМІ, хоць у польскіх гэта забаронена, — сказаў Радыё Свабода ўдзельнік акцыі каля Асьвенціма рэжысэр Зьміцер Чарткоў. — Я не спадзяваўся ад іх менавіта такіх рухаў. Астатнія ўдзельнікі, якія бралі ўдзел і якіх зараз судзяць, ня ведалі, што будзе забіцьцё жывёліны. Я не магу адказаць за ўсіх, але я б напэўна ня ўзяў бы ўдзелу ў такой акцыі, калі б ведаў. Я не разумею гэтага».

24 сакавіка 2017 году разьдзетыя дагала маладыя людзі завесілі лёзунг «Arbeit Macht Frei» расьцяжкай з надпісам «Love». Яны спрабавалі прыкаваць сябе адзін да аднаго кайданкамі. Падчас акцыі двое ўдзельнікаў-беларусаў зарэзалі ягня.

Суд над удзельнікамі акцыі «Love Macht Frei», сярод якіх 4 беларусаў, палякі, грамадзянін Нямеччыны і асоба з падвойным грамадзянствам, ад жніўня 2017 году ідзе ў раённым судзе Асьвенціма. 8 сьнежня падсудныя выступілі з апошнім словам.

Мікіта Валадзько, якога сьледзтва абвінавачвае ў забойстве жывёлы, раней у інтэрвію Радыё Свабода патлумачыў, што яно мела сымбалічнае значэньне.

Словы Зьмітра Чарткова ён пацьвярджае. Кажа, што рашэньне не паведамляць іншым пра забойства ягняці прымалася, каб «пазбавіць іншых удзельнікаў адказнасьці за забойства жывёліны».

Зьміцер Чарткоў кажа, што «падман з боку арганізатараў» выклікае самы вялікі канфлікт.

«Арганізатары такім чынам адабралі ў нас голас на працэсе і ў мэдыйных выказваньнях. Нам даводзіцца тлумачыць сытуацыю (з забойствам жывёліны. — РС), замест таго каб распавядаць пра тое, што мы насамрэч хацелі сказаць (падчас акцыі. — РС)».

Паводле Зьмітра Чарткова, плянавалася акцыя супраць ваенных канфліктаў і праліцьця крыві.

«Аўшвіц — гэта самая вялікая трагедыя ХХ стагодзьдзя, месца, дзе была забітая вялікая колькасьць людзей. Гэта страшэнная трагедыя для ўсяго грамадзтва, што мы такое дапусьцілі, — кажа ён. — А мы зараз бачым, што мала робіцца для таго, каб стрымаць ваенныя канфлікты. Мы супраць ваенных канфліктаў, якія адбываюцца ва Ўкраіне, у Сырыі».

Адна з затрыманых — у пастарунку паліцыі пасьля акцыі

Зьміцер Чарткоў кажа, што паводле сваіх асабістых перакананьняў ён хацеў «зрабіць усё, каб не пачаўся ваенны канфлікт і людзі не пачалі адзін аднаго забіваць».

«Дзеля гэтага мы выйшлі туды, дзе адбылася вялікая трагедыя, пра якую мы пачынаем забываць. Бо ёсьць помнік, але чаму гэты помнік павінен служыць?» — кажа Зьміцер. І дадае, што сваім удзелам яны хацелі данесьці сваё стаўленьне да грамадзтва і «ўзьняць новую сьпіраль дыскусіі пра тое, што мы можам супрацьпаставіць таму, каб не адбылася вайна, каб не дайшло да ваенных дзеяньняў, каб не было забойства людзей».

Забойства жывёлы, сьцьвярджае ён, было абсалютна нечаканае і для яго, і для іншых удзельнікаў акцыі.

«Арганізатары палічылі, што мы як удзельнікі, якія сваім аголеным целам паказваюць сувязь з ахвярамі, мала цярпім і ня можам выказацца артыстычна. Яны пастанавілі, каб мы адчулі боль, каб у нашых вачах быў жах. Прывялі ягня і забілі яго. Тым самым пралілі кроў, — кажа ён. — Мы выступаем супраць праліцьця крыві, а праліваем кроў. Я гэтую сытуацыю не магу прыняць і не магу зразумець, чаму яны гэта зрабілі. Яны мне гэтага не патлумачылі».

Прысуд у справе пэрформансу «Love Macht Frei» будзе агучаны 17 студзеня 2018 году.

Для шараговых удзельнікаў пракурор просіць 1 год 4 месяцы зьняволеньня кожнаму (пакараньне можа быць адбыта ў выглядзе 32 гадзін сацыяльнай працы на месяц).

Беларусам Мікіту Валадзько і Адаму Бяляцкаму, якіх сьледзтва лічыць арганізатарамі акцыі, пагражае 2 гады 2 месяцы і 2 гады 6 месяцаў зьняволеньня адпаведна. Іх абвінавачваюць таксама ў забойстве жывёлы.

Адам Бяляцкі — сын вядомага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Свой удзел у акцыі і судовым працэсе ён асабіста пацьвердзіў Радыё Свабода.

«Я габрэй. Мае сваякі загінулі падчас Галакосту» — беларускі ўдзельнік пэрформансу ў Асьвенціме чакае прысуду ў Польшчы